БДУ ператварае студэнцкія сталовыя ў кафэ

© Sputnik / Виктор ТолочкоКафэ ў БДУ
Кафэ ў БДУ - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У меню новага кафэ Gaudeamus значыцца піва, але з 1 верасня яно адтуль знікне.

МІНСК, 6 ліп —Sputnik, Яўген Казарцаў. Белдзяржуніверсітэт праводзіць рэбрэндынг студэнцкіх сталовых — замест іх з'явіцца сетка кафэ Gaudeamus. Новае кафэ адкрылася ў корпусе універсітэта па вуліцы Кальварыйскай, 9 — там размешчаны Інстытут журналістыкі і факультэт філасофіі і сацыяльных навук. У экс-сталовай змяніўся інтэр'ер, з'явілася тэраса, папоўнілася меню.

"Цяпер мы працуем у тэставым рэжыме, і так будзем да восені. Гэта ж не так проста, мяняць фармат працы", — распавяла карэспандэнту Sputnik дырэктар камбіната грамадскага харчавання БДУ Жанна Варанкевіч.

На што адразу звярнулі ўвагу студэнты — у кафэ з'явілася піва. Праўда, ва ўніверсітэце адзначылі, што яно там будзе толькі летам, на тэрасе. З пачатку навучальнага года алкаголь з меню знікне. Кафэ на Кальварыйскай — "першая ластаўка" будучай сеткі. Па словах Варанкевіч, да канца года Gaudeamus з'явяцца на вуліцах Маркса і Курчатава, а ў наступным годзе —у кожнага факультэта.

"Невялікія буфеты мы таксама зменем: замест іх будуць кавярні і шакаладніцы", —сказала суразмоўніца агенцтва.

Ва універсітэце хочуць не толькі прыцягваць больш наведвальнікаў, але і "захаваць" студэнтаў. У кафэ будзе распрацавана вячэрні меню, будуць праводзіцца розныя забаўляльныя праграмы.

"Нам хочацца, каб і ўвечары студэнты хадзілі не ў нейкія іншыя ўстановы, а ў нашу", — заявіла Варанкевіч.

Меню займела стравы з італьянскай, беларускай і рускай кухняў — напрыклад, у студэнцкіх кафэ можна будзе замовіць піцу ці торт. Пры гэтым старыя назвы з меню не знікнуць. Gaudeamus будзе працаваць па прынцыпе бістро і, як кажуць у універсітэце, кошты не вырастуць.

"З восені для студэнтаў мы будзем рабіць зніжкі: кожны, хто прад'явіў студэнцкі білет заплаціць на 25% менш", — дадалі ў універсітэце.

Новыя кафэ названы ў гонар вядомага студэнцкага гімна на латыні, якое перакладаецца як "парадуемся". Па словах супрацоўнікаў універсітэта, брэнд і маркетынгавыя стратэгіі працы сеткі кафэ распрацоўвалі сваімі сіламі.

"Мне дапамагала выкладчык Інстытута журналістыкі Ганна Кузьмянкова ў распрацоўцы канцэпцыі і планаў", — падзялілася са Sputnik Варанкевіч.

На працы камбіната грамадскага харчавання распрацоўка і з'яўленне кафэ Gaudeamus адбілася не вельмі: усе супрацоўнікі засталіся на месцах, да іх дадаліся два бармэна і піцэрыя.

"Вядома, нам трэба будзе яшчэ шмат працы, але галоўнае — пачаць", — сказала суразмоўніца агенцтва.

Стужка навiн
0