Ратуша ў Рызе

Без цяжкасцяў перакладу: у Рызе адкрыўся беларуска-латвійскі форум

24
(абноўлена 10:22 19.09.2016)
Асноўныя напрамкі супрацоўніцтва дзвюх краін: транспарт, лагістыка, гандаль і IT-тэхналогіі.

МІНСК, 16 вер — Sputnik. У Рызе праходзіць беларуска-латвійскі бізнес-форум, мэтай якога з'яўляецца садзейнічанне эканамічнаму супрацоўніцтву і наладжванню бізнес-кантактаў паміж прадпрымальнікамі дзвюх краін, паведамляе Sputnik Латвія.

На форум прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі 72 дзяржаўных структур, бізнес-арганізацый і прадпрыемстваў, якія займаюцца транспартам і лагістыкай, IT, гандлем і фінансамі.

Свой удзел у форуме пацвердзілі больш за 200 латвійскіх прадпрымальнікаў. Форум адкрыюць дзяржаўны сакратар Міністэрства эканомікі Латвіі Юрыс Сцінка і намеснік міністра эканомікі Беларусі Юры Чабатар.

На сесіях форуму будуць абмяркоўвацца мадэлі супрацоўніцтва ў галіне транспарту і лагістыкі, IT, гандлю і фінансаў, а таксама тэндэнцыі рынку.

Важныя партнёры

Латвія экспартуе ў Беларусь машыны, механізмы, электраабсталяванне, аптычнае абсталяванне, хімічныя прадукты, прадукты харчавання і тэкстыль. З Беларусі ў Латвію ўвозяць прадукты нафтаперапрацоўкі, а таксама вырабы з драўніны.

У 2015 годзе Беларусь была 16-м па велічыні экспартным партнёрам Латвіі і 11-м па велічыні партнёрам у імпарце.

Па аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал зарэгістраваных у Латвіі прадпрыемстваў Беларусь у верасні 2016 года займала 22-е месца з агульным аб'ёмам інвестыцый 21,6 мільёна еўра. У Латвіі працуюць 2186 кампаній з беларускім капіталам.

Цесныя сувязі

Нядаўна стала вядома, што латвійскі фармацэўтычны канцэрн Olainfarm набыў частку акцый NPK Biotest, аднаго з першых прыватных фармацэўтычных прадпрыемстваў у Беларусі. Кампанія стане вытворчай платформай, якая аблегчыць дзейнасць дачэрняй кампаніі Olainfarm у Беларусі.

Латвія і Беларусь таксама супрацоўнічаюць у галіне турызму. У маі ў беларускай сталіцы адбыўся Рыжскі тыдзень, Мінск і Рыга дамовіліся аб правядзенні рэкламных кампаній, якія распавядаюць аб галоўных турыстычных славутасцях дзвюх краін.

24
Тэги:
Бізнэс-інфармацыя, Рыга, Латвія, Беларусь

Грамадства