У чаканні цяпла

Камунальнікі распавялі, калі ўключаць ацяпленне

23
(абноўлена 15:45 22.09.2016)
Пачатак ацяпляльнага сезона рэгламентуецца адпаведнымі правіламі, пра тэрміны ўключэння ацяплення "на месцах" рашэнне прымаюць Мінгарвыканкам і абласныя выканкамы.

МІНСК, 21 вер — Sputnik. Тэрміны ўключэння ацяплення залежаць ад дадзеных сярэднямесячных тэмператур паветра і ад прагнозаў Гідрамета, паведаміў Sputnik начальнік аддзела энергетыкі ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Плашкоў.

Рэзкае пахаладанне прыйшло ў Беларусь у канцы мінулага тыдня: слупкі тэрмометраў удзень цяпер рэдка падымаюцца вышэй +13°С.

Многія беларусы пры гэтым кажуць пра тое, што дома ў іх вельмі холадна, і пытаюцца, калі ж камунальныя службы змогуць пачаць ацяпляльны сезон.

Як нагадалі Sputnik сталічныя ўлады, парадак уключэння сістэм цеплазабеспячэння строга рэгламентаваны правіламі. У Мінску рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона прымае гарвыканкам, а па краіне — аблвыканкамы.

"Вызначэнне тэрмінаў уключэння ацяплення грунтуецца на дадзеных аб сярэднямесячных тэмпературах вонкавага паветра, а таксама на прагнозах рэспубліканскага Гідраметэацэнтра", — удакладніў суразмоўца агенцтва.

Ацяпленне перш за ўсё ўключаць ва ўстановах сацыяльнага забеспячэння (школах, лякарнях, бібліятэках і музеях — Sputnik), калі сярэднесутачная тэмпература пяць дзён будзе трымацца ніжэй +10°С.

У жылых дамах, інтэрнатах і гасцініцах — калі тыя ж пяць дзён тэмпература будзе ніжэй +8°С. Пасля гэтага ўжо ацяпленне ўключаць і ва ўсіх астатніх будынках.

Летась ацяпляльны сезон стартаваў у пачатку кастрычніка, пры гэтым усе службы гатовыя да яго ўжо ў верасні. Мяркуючы па доўгатэрміновых прагнозах, сярэднясутачная тэмпература ў верасні ніжэй неабходных лічбаў не апусціцца — нават не зважаючы на начныя замаразкі, удзень паветра праграваецца ў дастатковай меры, каб пачакаць з уключэннем цэнтральнага ацяплення.

23
Тэги:
Жыллёва-камунальная гаспадарка, Мінгарвыканкам, Гідраметэацэнтр Рэспублікі Беларусь, Мінск, Беларусь
Каментары