Аліна Талай

Аліна Талай падтрымала акцыю "Чытаем па-беларуску з velcom"

43
(абноўлена 17:16 29.09.2016)
Вядомая беларуская лёгкаатлетка, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Аліна Талай правядзе спецыяльныя дадатковыя ўрокі беларускай мовы і літаратуры для малодшых школьнікаў. Заняткі адбудуцца ў рамках сацыяльнага адукацыйнага праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" і пройдуць у Пінску 5 кастрычніка.

МІНСК, 29 вер — Sputnik. Галоўная задача названага сацыяльнага адукацыйнага праекта — падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў школьнікаў 2-3 класаў. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

"Выдатна, што існуе праект, які ў займальнай форме распавядае пра родную культуру, гісторыю, мову і літаратуру. Безумоўна, гэта вельмі актуальная для нашай краіны сацыяльная ініцыятыва. Я з радасцю падтрымліваю яе і спадзяюся на тое, што да яе далучацца і іншыя спартоўцы", — пракаментавала беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай.

На працягу першага месяца новага навучальнага года спецыяльныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры ўжо прайшлі ў Брэсце, Кобрыне, Баранавічах і Бярозе. У першыя дні кастрычніка каманда арганізатараў і настаўнікаў праекта прыедзе з займальнымі заняткамі ў школы Пінска і Лунінца. У гэтых гарадах распавядаць пра беларускую мову, літаратуру і культуру ў новай форме для малодшых школьнікаў будзе і Юрый Жыгамонт — адзін з пастаянных настаўнікаў праекта.

Пасля Брэсцкай вобласці эстафету чытанняў прыме Гродзеншчына, удзел у акцыі возьмуць вучні 25-цi школ Гродзенскай вобласці.

За час правядзення праекта ўжо больш 8 тысяч вучняў паўдзельнічалі ў дадатковых уроках роднай мовы, дзе ў ролі настаўнікаў выступалі шматлікія беларускія пісьменнікі, акцёры, тэлевядучыя, спартоўцы. Плануецца, што "Чытаем па-беларуску з velcom" ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі.

 

43
Тэги:
Акцыі, Velcom, Аліна Талай, Беларусь
Тэмы:
Чытаем па-беларуску з дзецьмі: акцыі, прэміі, сустрэчы (16)