Садавіна і агародніна на сельгаскірмашы

Два вялікіх сельгаскірмашы зладзяць на выходныя ў Мінску

23
(абноўлена 12:33 05.10.2016)
Купіць гародніну і прадукты наўпрост ад вытворцы можна будзе і на лакальных сезонных кірмашах, якія будуць працаваць у суботу і нядзелю ва ўсіх раёнах горада.

МІНСК, 5 кас — Sputnik. Адразу два маштабныя сельскагаспадарчыя кірмашы пройдуць у суботу і нядзелю ў Мінску, паведамілі ў Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.

На пляцоўцы ля спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна" сваю прадукцыю прадставяць прадпрыемствы Гродзенскай вобласці, у тым ліку Лідскі, Ваўкавыскі і Слонімскі мясакамбінаты, Шчучынскі масласырзавод, Гродзенская агароднінная фабрыка. На кірмаш збіраюцца і гродзенскія фермеры. Свае стэнды рыхтуюць таксама мясцовыя птушкафабрыкі і рыбгасы.

Традыцыйна агульнагарадскі кірмаш выхаднога дня пройдзе таксама ля Палаца спорту. Тут можна будзе набыць прадукцыю перш за ўсё прадпрыемстваў Мінскай вобласці. На кірмашах у шырокім асартыменце абяцаюць прадукцыю новага ўраджаю: бульбу, капусту, буракі, моркву, цыбулю, яблыкі, грушы, гарбузы, кабачкі, журавіны. Акрамя таго, госці кірмашоў змогуць прыцаніцца да мёду, мяса і паўфабрыкатаў, каўбасы, вяндліны, сыроў ды іншых прадуктаў.

Ветэранам і людзям з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжана бясплатная дастаўка пакупак дадому.

Апроч таго, у суботу кірмашы пройдуць і ў кожным раёне горада:

  • у Заводскім раёне па вуліцы Герасіменкі, 51;
  • у Ленінскім раёне каля кінатэатра "Салют" па праспекце Ракасоўскага, 150а;
  • у Маскоўскім раёне па вуліцы Чачота, 25;
  • у Кастрычніцкім раёне каля ДК Чыгуначнікаў па вуліцы Чкалава, 7 і па вуліцы Барамзіной, 10а;
  • у Партызанскім раёне па вуліцы Карвата, 4;
  • у Першамайскім раёне па вуліцы Русіянава, 1;
  • у Савецкім раёне ў парку Дружбы народаў;
  • у Фрунзенскім раёне ў ГЦ "Максімус" па вуліцы Лабанка, 94;
  • у Цэнтральным раёне каля кінатэатра "Кіеў" па вуліцы Кахоўскай, 31.

І агульнагарадскія, і раённыя кірмашы будуць працаваць з 9 да 16 гадзін.

23
Тэги:
Кірмаш, Прадукты харчавання, Мінгарвыканкам, Мінск, Беларусь

Грамадства