Выстава карцін са шкла паводле матываў твораў Марка Шагала

Карціны Шагала на кончыках пальцаў: выстава для дзяцей са слабым зрокам

20
(абноўлена 14:22 15.11.2016)
Выстава карцін са шкла па матывах твораў Марка Шагала "Каханне – гэта палёт" адкрыецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, незвычайная экспазіцыя дасць магчымасць дзецям з аслабленым зрокам навобмацак пазнаёміцца з сюжэтамі вядомага мастака.

МІНСК, 15 ліс — Sputnik. "Убачыць" працы, створаныя па матывах найбольш вядомых палотнаў Марка Шагала, змогуць невідушчыя і людзі са слабым зрокам на выставе "Каханне — гэта палёт", якая адкрыецца 17 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі.

На выставе будуць прадстаўлены больш за 20 работ студыі вырабаў са шкла "Аліса ў Залюстроўі", створаных па матывах работ Марка Шагала ў тэхніцы ф'юзінг. Тэхніка прадугледжвае спяканне выкладзенага пэўным чынам шкла ў печы.

"Тэхніка, у якой мы працуем, прадугледжвае аб'ём і тактыльнасць. Мы не пазіцыянавалі і не рыхтавалі нашу выставу як праект для людзей са слабым зрокам. Проста ў пэўны момант да нас у майстэрню прыйшлі бацькі з незвычайным дзіцем. Мае мастачкі акурат працавалі над карцінай Левітана "Від на ніжні Ноўгарад". Хлопчык паклаў рукі на карціну і сказаў: "Ой, мамачка, гэта ж мора". І тады ў маёй галаве нарадзілася ідэя — дапамагчы такім дзеткам убачыць карціны", — распавяла на прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным цэнтры Sputnik кіраўнік студыі вырабаў са шкла "Аліса ў Залюсроўі" Дыяна Скачко.

Картины из стекла для слабовидящих детей
© Sputnik Констанция Ждановская
Карціны для тых, хто кепска бачыць ці не бачыць зусім

Класічныя музеі, па словах Скачко, не заўсёды пакуль гатовыя даць невідушчаму дзіцяці пазнаёміцца ​​з шэдэўрам. Максімум, што могуць прапанаваць, гукавое суправаджэнне. Між тым, для гэтых дзяцей вельмі важныя тактыльныя адчуванні, нагадала ініцыятар выставы.

Як распавялі арганізатары, карціны будуць вісець на сцяне, на зручнай для дзяцей вышыні, так, каб кожны змог да іх дакрануцца і "ўбачыць" задуму мастака.

Адначасова экскурсавод будзе распавядаць пра канкрэтныя работы Шагала, яго творчасць і лёс.

"Любыя тэхналогіі, у тым ліку і ф'юзінг, вядома, не могуць цалкам замяніць вочы. Бо пры дапамозе зроку мы атрымліваем да 90% інфармацыі. Але пашырыць уяўленне пра свет, пра творчасць, у прыватнасці Марка Шагала, ф'юзінг, вядома, можа. І я вельмі ўдзячны за гэтую магчымасць пашырыць для нашых дзяцей уяўленні аб навакольным свеце", — заявіў у МПЦ Sputnik дырэктар Спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы №188 для дзяцей з парушэннямі зроку Аляксей Пятніца.

Па словах педагога, дзеці чакаюць адкрыцця выставы, праяўляюць да яе цікавасць.

Выстава "Каханне — гэта палёт" будзе працаваць у Нацыянальным гістарычным музеі з 17 лістапада па 20 снежня 2016 года.

20
Тэги:
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Марк Шагал, Беларусь
Каментары