Навагоднія падарункі

Санслужбы Міншчыны ўзмацняюць кантроль за перадсвяточным гандлем

6
За некалькі тыдняў пазапланавых праверак санслужбы вобласці праверылі 219 гандлёвых аб'ектаў і ў 215 выявілі парушэнні; асаблівая ўвага надаецца якасці фарміравання салодкіх падарункаў для дзяцей.

МІНСК, 13 сне — Sputnik. Спецыялісты дзяржаўнага санітарнага нагляду Мінскай вобласці ўзмацнілі кантроль за грамадскім харчаваннем і пераднавагоднім гандлем, у тым ліку і за фарміраваннем навагодніх падарункаў, распавёў Sputnik загадчык аддзялення гігіены харчавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гузік.

"Апошнія 2-3 тыдні працуем практычна без выходных. Прычым праводзім не маніторынг, а менавіта праверкі. Пачынаецца пераднавагодняя мітусня, і спажыўцы ў спешцы могуць не звярнуць увагі на тэрміны прыдатнасці, а нядобрасумленныя прадаўцы могуць гэтым скарыстацца. Мяркуйце самі: з 219 правераных за два тыдні аб'ектаў парушэнні выяўлены ў 215 выпадках. Гэта значыць амаль у 100% выпадкаў", — заўважыў Гузік.

Пераднавагоднія праверкі санслужбы пачалі ў канцы лістапада. Сярод асноўных парушэнняў — невыкананне ўмоў вытворчасці і захоўвання харчовых прадуктаў; выкарыстанне сыравіны і харчовых прадуктаў без маркіроўкі, са скончаным тэрмінам прыдатнасці, без дакументаў, якія сведчаць аб якасці і бяспецы, і шэраг іншых парушэнняў.

У 22 аб'ектах спецыялісты абласной санэпідслужбы выявілі парушэнні, звязаныя з фарміраваннем навагодніх падарункаў.

"Выкарыстоўваліся цукеркі калі не са скончаным тэрмінам прыдатнасці, то з вельмі абмежаваным. Магло атрымацца так, што калі дзіцяці ўручаць падарунак на Новы год, цукеркі могуць апынуцца пратэрмінаванымі", — патлумачыў Гузік.

Шэраг заўваг тычыліся фігурнага шакаладу, папулярнага ў пераднавагоднія дні. На некаторых аб'ектах адсутнічала выразная інфармацыя аб вытворцах і тэрмінах прыдатнасці такога прадукту.

Па выніках праверак была забароненая рэалізацыя больш 758 кілаграмаў недабраякасных харчовых прадуктаў.

6
Тэги:
Новы год-2017, Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, Юрый Гузік, Беларусь
Каментары