Галоўны корпус БДУ

Вядучыя ВНУ Беларусі правядуць дні адчыненых дзвярэй 1 красавіка

7
У суботу беларускія старшакласнікі змогуць азнаёміцца са спецыяльнасцямі, навучанне па якіх прапануюць айчынныя ўніверсітэты.

МІНСК, 28 сак — Sputnik. Вядучыя ўніверсітэты Беларусі правядуць дні адчыненых дзвярэй 1 красавіка, паведамілі Sputnik у прэс-службе Мінадукацыі рэспублікі.

Уступная кампанія пачнецца ў краіне ў чэрвені: абітурыенты здадуць выпускныя іспыты і цэнтралізаванае тэставанне. Аднак задоўга да гэтага многія ўжо пачынаюць выбіраць для сябе ВНУ, у якіх яны працягнуць атрыманне адукацыі. Дні адчыненых дзвярэй — магчымасць абітурыентаў і бацькоў азнаёміцца з прапановамі розных універсітэтаў. У многіх з іх запрашаюць на спецыялізаваныя мерапрыемствы 1 красавіка.

Так, у Белдзяржуніверсітэце мерапрыемствы пачнуцца з 10:00 у Ліцэі БДУ. У праграме — прэзентацыі факультэтаў, магчымасць пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ, даведацца больш аб распрацоўках універсітэта і яго спартыўным жыцці.

Дзень адчыненых дзвярэй у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) пройдзе таксама ў суботу — у навучальным корпусе на вуліцы Броўкі, 4. З 10:30 госці змогуць атрымаць кансультацыі ў прыёмнай камісіі ўніверсітэта, зарэгістраваць асабісты электронны кабінет абітурыента. Пройдуць таксама сустрэчы з дэканамі факультэтаў.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (БДПУ) запрашае ўсіх з 11:00 у корпус па адрасе: вуліца Савецкая, 18. Дзень адчыненых дзвярэй пройдзе ў ВНУ ў актавай зале — тут будзе магчымасць пазнаёміцца з выкладчыкамі, студэнтамі і вядомымі выпускнікамі ўніверсітэта.

Таксама госці дня адчыненых дзвярэй БДПУ змогуць наведаць залу рэдкай кнігі, планетарый, спартыўны комплекс універсітэта і аўдыторыі.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (БДЭУ) абітурыенты і іх бацькі пагутараць з работнікамі прыёмнай камісіі, змогуць задаць пытанні дэканам факультэтаў, даведацца больш пра магчымасць засялення ў інтэрнаты, спецыяльнасці і стажыроўкі за мяжой.

У БДЭУ дзверы 1 красавіка адкрые шэраг факультэтаў, інфармацыя пра іх размешчана на сайце ўніверсітэта.

7
Тэги:
Абітурыенты, ВНУ, БДПУ, БДЭУ, Міністэрства адукацыі РБ, БДУ, БДУІР, Мінск, Беларусь
Каментары