Заўзятары футбольнага клубу

Заўзятарам-хуліганам забароняць прыходзіць на стадыёны

13
(абноўлена 13:11 19.04.2017)
Дэпутаты прынялі папраўкі ў КаАП, якія абмяжуюць абвінавачаным у праяўленні гвалту і хуліганства грамадзянам магчымасці наведваць стадыёны і спартыўныя збудаванні ў дні спаборніцтваў.

МІНСК, 19 кра — Sputnik. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прынялі ў першым чытанні законапраект, накіраваны на ахову грамадскай бяспекі падчас правядзення спартыўных і грамадска-масавых мерапрыемстваў.

Як растлумачыў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Мельчанка, адна з нормаў законапраекта прадугледжвае ўнясенне ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях новага віду адміністрацыйнага спагнання — "адміністрацыйная забарона на наведванне фізкультурна-спартыўных збудаванняў".

Са слоў намесніка міністра, па гэтай норме грамадзяніну будзе часова абмежаваны доступ на спартыўныя спаборніцтвы, на стадыёны і ў спарткомплексы падчас правядзення там спаборніцтваў і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Такая забарона можа быць накладзена на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў.

Гэтая мера, удакладніў Мельчанка, будзе прымяняцца ў якасці дадатковага адміністрацыйнага спагнання.

"Яно можа быць ужыта за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння на тэрыторыі фізкультурна-спартыўнага збудавання падчас правядзення спаборніцтва, калі ў санкцыі артыкула Асаблівай часткі КаАП прадугледжаны адміністрацыйны арышт", — сказаў Мельчанка.

З яго слоў, за парушэнне накладзенага абмежавання таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Падчас абмеркавання законапраекта дэпутат Наталля Клімовіч прапанавала ўвесці ў Беларусі так званы "пашпарт заўзятара". Гэтая ініцыятыва выклікала бурнае абмеркаванне сярод дэпутатаў, але намеснік кіраўніка МУС паабяцаў падумаць над гэтай прапановай.

13
Тэги:
МУС РБ, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ, Беларусь

Грамадства