Забарона палення

Міністэрства аховы здароўя хоча забараніць паленне на агульных балконах

17
(абноўлена 15:59 28.07.2017)
Ведамства накіравала свае прапановы па пашырэнні спісу месцаў, дзе забароняць паліць.

МІНСК, 28 ліп — Sputnik. Міністэрства аховы здароўя прапануе дапоўніць балконамі і лоджыямі агульнага карыстання пералік месцаў, у якіх забаронена паленне.

Грамадскае абмеркаванне праекта новага "антытытунёвага" дэкрэта працягвалася ў Беларусі ў чэрвені. Падчас гэтага шэраг актывістаў стварылі інтэрнэт-петыцыю з заклікам зрабіць больш жорсткім пакаранне за паленне ў неналежным месцы і пашырыць пералік месцаў, у якіх паліць забаронена.

У прыватнасці, ініцыятары прапануюць забараніць паленне аж да лоджый і кватэр грамадзян. Пад петыцыяй пакінулі свае "подпісы" крыху больш за тры сотні беларусаў.

Намеснік кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Вячаслаў Шыла ў адказ на зварот грамадзян паведаміў, што ведамства ўжо прапанавала пашырыць пералік месцаў і дадаць туды балконы і лоджыі, аднак — не кватэр, а "агульнага карыстання", то бок якія маюць выхады ў пад'езды.

Ці будуць прыняты прапановы ў дэкрэт, пакуль не вядома — яго распрацоўкай займаецца Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Дапоўнены праект дакумента апублікаваны не быў.

Ужо вядома, што пасля падпісання дэкрэта прэзідэнтам электронныя цыгарэты прыраўняюць да звычайных, абкладуць акцызамі і забароняць продаж "вейпаў" непаўналетнім. Таксама ўнесены прапановы па забароне палення ў залах кафэ і рэстаранаў, а таксама ў шэрагу іншых месцаў.

17
Тэги:
Паленне, Міністэрства аховы здароўя, Беларусь

Грамадства