Будынак пасольства ЗША ў Мінску

Пасольства ЗША ў Мінску можа павялічыць колькасць супрацоўнікаў

4
(абноўлена 09:35 02.11.2017)
Пытанне вяртання пасла ЗША ў Мінск бакамі пакуль не абмяркоўваецца.

МІНСК, 1 ліс — Sputnik. Пасольства ЗША ў Беларусі можа пашырыць колькасць супрацоўнікаў, заявіў у сераду часовы павераны па справах ЗША ў рэспубліцы Роберт Райлі.

Беларусь і ЗША адклікалі сваіх паслоў пасля пагаршэння адносін у 2008 годзе. Сёння ў дыппрадстаўніцтвах працуе абмежаваная колькасць супрацоўнікаў, а кіруюць імі на ўзроўні часовых павераных.

З 2018 года пасольства ЗША можа пачаць выдаваць турыстычныя візы ўсім беларусам без абмежаванняў. Цяпер за візамі большасць грамадзян павінны ездзіць у Варшаву, Кіеў ці Вільнюс.

"Калі мы гаворым пра любое пасольства ЗША, то большая колькасць прадстаўленых паслуг і наведвальнікаў патрабуе большай колькасці супрацоўнікаў. Мы, вядома, будзем разглядаць магчымасць пашырэння колькасці супрацоўнікаў, каб аказваць як мага больш паслуг беларускім грамадзянам", — заявіў у сераду Райлі.

Зрэшты, па словах дыпламата, цяпер бакі не абмяркоўваюць пытанне вяртання пасла ЗША ў Мінск. Аднак адносіны паміж краінамі працягваюць паляпшацца, канстатаваў Райлі.

Адносіны Беларусі і ЗША набылі пазітыўны характар пасля прэзідэнцкіх выбараў у рэспубліцы 2015 года. На сёння прыпынена дзеянне большасці амерыканскіх санкцый у дачыненні да беларускіх кампаній і фізічных асоб. 

4
Каментары