Сядзіба, архіўнае фота

Беларускія санаторыі на Новы год будуць запоўненыя на 100%

53
(абноўлена 15:59 14.12.2017)
Кошт пуцёвак на навагоднія заезды істотна не павялічыўся, а даплаціць за святочную вячэру прыйдзецца ў сярэднім 100-120 рублёў.

МІНСК, 14 сне — Sputnik. Пуцёўкі ў беларускія санаторыі на навагоднія святы выкупленыя на 100%, заявіў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

"На Новы год усе санаторыі будуць запоўненыя на 100%, прычым пуцёўкі былі рэалізаваны задоўга да святаў. Перыяд навагодняга заезду — з 25 снежня па 8 студзеня. Гэта значыць пуцёўкі на 14 дзён карысталіся найбольшым попытам. Хоць некаторыя санаторыі прапаноўвалі пуцёўкі на 7 дзён, асабліва для замежнікаў", — адзначыў Балбатоўскі.

Пры гэтым кошт пуцёвак, паводле яго слоў, істотна не змяніўся. Лячэбная база будзе працаваць у штатным рэжыме, гасцям будзе даступны стандартны пакет лячэбных мерапрыемстваў.

Істотным адрозненнем стане навагодняя вячэра, за якую гасцям прапануюць заплаціць у сярэднім 100-120 рублёў на чалавека. Мінімальны кошт вячэры складзе 80 рублёў, а максімальны, па словах Балбатоўскага — 200 рублёў.

"Акрамя таго, навагодні заезд будзе адрознівацца тым, што ён уключае дадатковыя мерапрыемствы — экскурсійныя праграмы, шоп-туры для замежнікаў, малебны на каталіцкае і праваслаўнае Раство ў тых установах, дзе гэта магчыма. Амаль ва ўсіх установах будуць арганізаваны святочныя прадстаўленні для дзяцей, гулянні на прыродзе з падрыхтоўкай традыцыйных страў нацыянальнай кухні і канцэрты зорак беларускай эстрады, навагодні банкет", — дадаў Балбатоўскі.

Ён таксама распавёў, што сярэднегадавая запаўняльнасць беларускіх здраўніц складае больш за 80%. Устойліва расце выручка ад свабоднага продажу пуцёвак, а таксама ад экспарту паслуг.

Каля 60% адпачывальнікаў у беларускіх санаторыях па-ранейшаму — гэта грамадзяне РБ, да 90% замежнікаў, якія выбіраюць аздараўленне ў рэспубліцы — расіяне. Аднак з павелічэннем тэрміну бязвізавага ўезду ў Беларусь, мяркуе Балбатоўскі, замежнае прадстаўніцтва ў мясцовых здраўніцах можа пашырыцца.

53
Тэги:
санаторий, туризм, Новы год 2018, Генадзь Балбатоўскі, Беларусь
Тэмы:
Новы год – 2018 (27)