Пачатковая школа №1 у Гродне

Элітную школу ў Гродне ліквідуюць з-за адмены экзаменаў у пятыя класы

14
(абноўлена 18:11 03.05.2018)
Адзіную ў Гродне пачатковую школу, якая ўваходзіла ў дзесятку самых элітных месцаў вучобы, вырашылі далучыць да гімназіі.

ГРОДНА, 3 мая — Sputnik, Іна Грышук. Адзіную ў Гродне пачатковую школу закрыюць і далучаць да бліжэйшай гімназіі, так у Гродне вырашылі лёс больш за сотню чацвёртакласнікаў, якія пасля заканчэння элітнай пачатковай школы рызыкавалі трапіць у звычайныя негімназічныя класы па прапісцы.

Цяпер горад займаецца афармленнем дакументаў, па якіх пачатковую школу №1 горада Гродна далучаць да гімназіі №2, у якой вучацца дзеці з пятага па 11 класы. Пра гэта на агульным сходзе ў школе паведаміў начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Семанчык.

Паводле яго слоў, усе дакументы будуць гатовыя ў бліжэйшы час. А з новага навучальнага года вучні пачатковай школы будуць лічыцца гімназістамі. Той, хто вырашыць падаваць заяву ў першы клас, таксама будзе звяртацца ў гімназію.

Рашэнне гарвыканкама вызначыла і лёс выпускнікоў пачатковай школы, бацькі якіх увесь год знаходзіліся ў падвешаным стане і думалі, у якія гімназіі і як аддаць дзяцей. Як адзначыў Семанчык, усе вучні чацвёртых класаў змогуць аўтаматычна перайсці ў пятыя класы гімназіі №2. Той, хто пажадае перайсці ў іншыя гімназіі або школы, змогуць забраць дакументы.

Пачатковую школу №1 Гродна стварылі як асобную навучальную ўстанову ў 2005 годзе. У яе ёсць асобны будынак, тэрыторыя з гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі, сфарміравана добрая навучальная база, адаптаваная пад малодшы школьны ўзрост. Тут дзеці вучыліся з першага па чацвёрты клас.

Аддаць дзіця ў першы клас пачатковай школы №1 заўсёды было складана, многія нават спецыяльна прапісваліся ў замацаваным раёне. Тут вучацца дзеці з розных раёнаў горада і прыгарада.

Навучальная ўстанова заўсёды лічылася прэстыжнай, таму што тут сабралі добрых педагогаў, выкладалі англійскую мову з першага класа і гарантавалі, што школа падрыхтуе дзяцей да ўступных іспытаў у гімназіі.

Схема болей не працуе, таму што ў Беларусі адмянілі іспыты ў пятыя класы. Увесь год бацькі выпускнікоў ламалі галавы — як перавесці дзяцей у гімназіі, калі ў кожнай з іх у пятыя класы павінны пераходзіць свае чацвёртакласнікі, а вольныя месцы зоймуць рабяты па прапісцы.

Нагадаем, што іспыты ў пятыя класы беларускіх гімназій адмененыя з гэтага года ўказам прэзідэнта. На думку Міністэрства адукацыі, без іх дзеці адчуваюць менш стрэсу, а паступленне не ператвараецца ў "спаборніцтва кашалькоў бацькоў". З гэтага года ў гімназіі бяруць выключна па адным крытэры — прапісцы.

14
Тэги:
гімназія, школа, адукацыя, Гродна, Беларусь
Каментары