Статут ВКЛ 1588 года

Чым заменяць курс гісторыі Беларусі ва ўніверсітэтах

41
(абноўлена 16:21 05.06.2018)
У бліжэйшы час гуманітарныя дысцыпліны ў беларускай вышэйшай школе чакаюць сур'ёзныя змены. Чаго чакаць на самым важным, як кажуць улады, ідэалагічным напрамку, разбіраўся Sputnik.

Цэлая рабочая камісія працуе над зменамі ў выкладанні гуманітарных дысцыплін у беларускіх універсітэтах. Ёсць верагоднасць, што гісторыя Беларусі як прадмет пакіне абавязковую праграму. Тлумачыцца гэта проста: студэнты, маўляў, ужо і так добра ведаюць родную гісторыю, якую вывучалі ў школе і нават здавалі экзамен.

Які прадмет заменіць гісторыю роднага краю, як зменіцца жыццё гістарычных факультэтаў і ці варта нам чакаць з'яўлення ідэолагаў без ведання гісторыі Беларусі, даведаўся карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік.

Не трэба біць у бубны

"Будзе гісторыя беларускай дзяржаўнасці, курс гісторыі не адмяняецца. Проста не будзе дубляжу. Гэта ў планах рэфармавання сацыяльна-гуманітарнага блока", — развеяў сумневы пра лёс прадмета старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы ў парламенце Ігар Марзалюк.

Верагодныя змены ў выкладанні гісторыі як навукі могуць быць уведзены ўжо ў наступным годзе. Канкрэтных рашэнняў, праўда, яшчэ не прынята.

"Я сам працую над праграмай разам з калегамі. Ёсць вялікая працоўная група, якая працуе над новымі праграмамі. Сацыяльна-гуманітарны блок будзе рэфармаваны. І будзе прадмет "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці", — агучыў планы дэпутат.

Гэта робіцца, каб пазбегнуць паўтораў, таму што дзеці вучаць у школе гісторыю Беларусі. Пры гэтым школьнікі не ведаюць гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці і яе формы: права, законы і канстытуцыі.

"Усё гэта будзе ў вялікім, на 54 гадзіны, курсе, які будзе прапанаваны для ўсіх вышэйшых навучальных устаноў незалежна ад профілю. Натуральна на гістфаку гісторыя Беларусі захаваецца", — падкрэсліў Ігар Марзалюк.

Акрамя гэтага ідзе праца над дзвюма вялікімі праграмамі па гісторыі беларускай культуры і гісторыі беларускай навукі. Абавязковым прадметам у гуманітарным блоку застанецца філасофія.

Лёс трох курсаў, звязаных з гісторыяй, знаходзіцца на абмеркаванні. Пакуль вырашаецца, будуць яны абавязковымі ці рашэнне застанецца за самімі ВНУ.

"Таму не трэба біць у бубны, ранавата", — рэзюмаваў парламентарый.

Як выхаваць патрыёта

"Новыя прадметы кампенсуюць знікненне гісторыі Беларусі. Пры гэтым гісторыя беларускай дзяржаўнасці — гэта вельмі важны прадмет. Яго павінны ведаць усе, і нават фізікі", — упэўнены дэкан гістарычнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта Мікалай Мязга.

Паводле яго слоў, лепш было б вывучаць усю гісторыю ў комплексе, але ў той жа час гісторыя беларускай дзяржаўнасці — гэта аснова.

"Наяўнасць такога прадмета не толькі дасць магчымасць  адукацыйны ўзровень павышаць, але гэта важна для выхавання сапраўдных патрыётаў", — асабліва адзначыў дэкан гістфаку ў Гомелі.

Таму для правядзення ідэалагічнай і выхаваўчай працы гэты курс павінен быць абавязковым.

"Гісторыю сваёй дзяржавы павінны ведаць усе грамадзяне, якія жывуць у ёй", — дадаў Мікалай Мязга.

Праўда, дэкан затым абмовіўся, што ў выпадку, калі гэты курс не будзе абавязковым і яго не выберуць, то гэта прывядзе да скарачэння ставак выкладчыкаў на кафедры гісторыі Беларусі.

"Кафедра айчыннай гісторыі — гэта аснова факультэта. Якой бы не была добрай кафедра сусветнай гісторыі ці кафедра гісторыі славян, падмурак, вядома, кафедра гісторыі Беларусі. Мы можам страціць выкладчыкаў, што аслабіць кадравы патэнцыял", — падкрэсліў дэкан факультэта ў Гомелі.

На думку Мікалая Мязгі, прадмет, прысвечаны гісторыі беларускай дзяржаўнасці, павінен быць абавязковым, бо гiсторыю сваёй дзяржавы людзі павінны ведаць.

Тысячагадовая гісторыя дзяржавы

Канчатковае рашэнне пра замену курсу гісторыі пакуль не прынята, ідзе абмен думкамі, дыскусія на гэты конт, адзначыў дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі.

"З гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ніхто са штатных работнікаў не ўваходзіць у склад рабочай групы, якая працуе над зменамі ў выкладанні дысцыплін гуманітарнага блока", — адзначыў дэкан гістфаку ў Мінску.

Рашэнне яшчэ не аформлена ў выглядзе нарматыўных дакументаў. Але калі курс "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці" будзе ўведзены, яму будзе нададзена вялікае значэнне.

Гістарычны факультэт падрыхтаваў свае прапановы па гэтым пытанні, якія былі перададзеныя кіраўніцтву БДУ. Таму што было разуменне таго, што курс "Гісторыя Беларусі" можа быць выключаны як дублюючы прадмет сярэдняй школы.

"Мы настойвалі на ўвядзенні курсу "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці". Гэта ідзе ў кантэксце таго, на што неаднаразова звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы", — падкрэсліў Аляксандр Каханоўскі.

У сваім выступе на Першым з'ездзе вучоных Беларусі 2 лістапада 2007 года кіраўнік дзяржавы сказаў: "Найважнейшая функцыя беларускай навукі — захаванне і прымнажэнне культурных і духоўных традыцый нашага народа. Ніхто гэтага за нас не зробіць. Калі фізіка і матэматыка інтэрнацыянальныя і развіваюцца ва ўсім свеце, то беларуская культура, літаратура, гісторыя — гэта выключна наша ўласная каштоўнасць і наш уласны клопат".

Для адзінства грамадства ў Беларусі неабходна фармаваць агульнае разуменне шляхоў развіцця дзяржавы і гісторыі беларускага народа. Каштоўнасць такога падыходу не выклікае сумненняў у навуковым асяроддзі.

"Курс, прысвечаны гісторыі дзяржаўнасці, як мне здаецца, будзе арыентаваны на ўсведамленне, перш за ўсё дасягненняў сучаснай беларускай дзяржаўнасці, яе вытокаў і традыцый, тысячагадовай гісторыі", — лічыць Аляксандр Каханоўскі.

Дэкан гістфаку БДУ выказаў зацікаўленасць у захаванні цыкла гістарычных дысцыплін у сацыяльна-гуманітарным блоку.

"На мой погляд, гэтыя прадметы адыгрываюць выключна важную ролю ў падрыхтоўцы спецыяліста. Курс гісторыі беларускай дзяржавы — неабходны элемент у прафесійнай падрыхтоўцы, таму што гэта іграе выхаваўчую ролю. Так фармуецца грамадзянін і патрыёт", — падкрэсліў доктар гістарычных навук.

Паводле яго слоў, Беларусь мае патрэбу не толькі ў прафесійна падрыхтаваным спецыялісце, але і грамадзяніне, які мае пэўны погляд на сваю краіну і яе гісторыю.

41
Тэги:
Гісторыя беларускай дзяржаўнасці, Гісторыя Беларусі, Міністэрства адукацыі РБ, Ігар Марзалюк, Аляксандр Каханоўскі, Беларусь
Каментары