Сезоннае адключэнне гарачай вады

Тэрміны адключэння гарачай вады ў Беларусі могуць скараціць

9
(абноўлена 13:12 13.06.2018)
Хоць тэрміны планавых адключэнняў гарачай вады не перавышаюць двух тыдняў, былі выпадкі і больш кароткіх перыядаў - аж да пяці дзён.

МІНСК, 13 чэр — Sputnik. Тэрміны планавага адключэння гарачай вады летам у Беларусі могуць скараціць, заявіў у сераду журналістам начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі Генадзь Аксціловіч.

Планавыя адключэнні гарачай вады для прафілактычных работ праходзяць у гарадах Беларусі кожнае лета. Гарачай вады беларусы пазбаўляюцца звычайна на два тыдні — пры ўмове адсутнасці праблем пры рамонце цеплатрас.

Як заявіў прадстаўнік Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі на прэс-канферэнцыі, тэрміны адключэнняў у будучыні могуць быць скарочаныя.

"Міністэрствам сумесна з цеплазабеспячальнымі арганізацыямі праводзіцца аналіз і праца наконт магчымасці скарачэння тэрмінаў адключэння спажыўцоў ад гарачага водазабеспячэння", — сказаў Аксціловіч.

Па словах прадстаўніка ведамства, планавыя адключэнні ў мінулым годзе складалі не больш за два тыдні, аднак былі выпадкі і больш сціснутых тэрмінаў — аж да пяці дзён.

Некалькі гадоў таму прадстаўнікі ведамства выказваліся пра тое, што адключаць гарачую ваду летам эканамічна немэтазгодна, аднак такая патрэба ёсць з-за арганізацыі водазабеспячэння ў рэспубліцы. Для адмовы ад падобнай меры неабходна мяняць сістэму ў цэлым, што патрабуе і значных часавых выдаткаў, і істотных фінансавых укладанняў.

9
Тэги:
Адключэнне гарачай вады, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Беларусь
Каментары