Жанчыны ў народных строях, архіўнае фота

"Закахалася ў Беларусь": чаму замежнікі хочуць вывучаць беларускую мову

192
(абноўлена 17:59 21.08.2018)
У летняй школе беларусістыкі сабраліся прадстаўнікі не толькі блізкага замежжа, але і аматары беларускай мовы з Кітая і ЗША.

Чацвёртая летняя школа беларусістыкі 20 жніўня распачала сваю працу ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ. На працягу двух тыдняў навучэнцы з ЗША, Германіі, Кітая, Італіі, Чэхіі, Польшчы, Латвіі, Венгрыі і Расіі будуць знаёміцца з культурай і звычаямі нашай краіны, наведваць самыя прыгожыя і цікавыя яе мясціны і, зразумела, вывучаць беларускую мову. Карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок пагутарыла з удзельнікамі летняй школы і даведалася, чым Беларусь так вабіць жыхароў іншых краін.

Сюзанна: людзі не ведаюць, як карыстацца беларускай мовай

Сюзанна родам з Польшчы, але зараз вывучае славістыку ў берлінскім універсітэце. Упершыню яна апынулася ў Беларусі ў межах адукацыйнай праграмы Інстытута імя Гётэ.

"Я ужо чацвёрты раз у Беларусі, у лютым тры месяцы нават жыла ў Мінску. Упершаню прыехала ў мінулым годзе, прымала ўдзел у майстар-класах перакладчыкаў з беларускай мовы на нямецкую вершаў сучасных беларускіх аўтараў, тады ўпершыню і пачула беларускую мову", — распавядае Сюзанна.

Сюзанна, Германія
© Sputnik / Анастасия Волчок
Сюзанна, Германія

Яна прызнаецца, што не вельмі добра размаўляе па-беларуску, але ўсё разумее і можа чытаць. А вось сітуацыі, калі б ёй спатрэбілася размаўляць па-беларуску, папросту не было, і гэта вельмі здзіўляе дзяўчыну. Акрамя Мінска яна пабывала  ў Віцебску, Полацку, Пінску, Брэсце, Гродне.

"Дзіўна, што нават у маленькіх гарадах, напрыклад, у Баранавічах, не гавораць па-беларуску. Я думала раней, што гэта можа быць у сталіцы, у вялікіх гарадах з-за школ, універсітэтаў, дзе руская мова больш прынятая.  Але нават трасянка ўжо такая, бліжэй да рускай", — смяецца славіст.

Сюзанна кажа, што можа на слых адрозніваць правільныя словы і формы.

"Напэўна, я бачу адрозненні паміж трасянкай і літаратурнай мовай. Я ведаю рускую і польскую, і мне проста было вывучыць беларускую. Таму для мяне гэта часта польскія словы з рускай граматыкай", — кажа Сюзанна.

У планах дзяўчыны — перакладаць сучасных беларускіх паэтаў на нямецкую і польскую мову. На пытанне, які з беларускіх паэтаў самы любімы, імгненна адказывае: Мікіта Найдзёнаў.

"Я, калі шчыра, шмат каго не ведаю, чытаю паэзію і потым не памятаю, хто напісаў гэты верш, таму што гэта беларуская мова і я стараюся ўсё зразумець. Мне здаецца, беларуская мова вельмі літаратурная, і людзі не ведаюць, як ёй карыстацца, таму што яна настолькі культурная для тых, хто вывучаў яе ў школе. А вось Мікіта нават гаворыць па-беларуску з сябрамі, і гэта відаць у вершах".

Яна: заходняя навука нічога не ведае пра беларускую літаратуру

Яна – старажыл летняй школы, яна прыязджае сюды ўжо ў трэці раз з Прагі, дзе вывучае рускую філалогію і тэорыю літаратуры.

"Я ўжо не памятаю, якога беларускага аўтара я чытала — здаецца, гэта быў Васіль Быкаў, мяне гэта зацікавіла, і я адразу падумала, што беларускай літаратуры не толькі ў Чэхіі, але і наогул у заходняй навуцы ніхто не ведае", — распавядае Яна.

Яна, Чэхія
© Sputnik / Анастасия Волчок
Яна, Чэхія

Пакуль яна чытае беларускую літаратуру для сябе, але не выключае, што ў будучыні яна можа ўвайсці ў яе навуковыя інтарэсы.

"Я вывучаю беларускую дакументальную літаратуру — Алексіевіч, Адамовіча. Пакуль для сябе, але ў мяне ёсць, вядома, ідэя, што многіх аўтараў было б цікава перакладаць", — дзеліцца планамі Яна.

Дзяўчына падкрэслівае, што ў беларускіх пісьменнікаў ёсць шмат цікавых твораў, і варта было бы перакласці іх на іншыя мовы, каб заходнія чытачы таксама пазнаёміліся з Беларуссю праз прызму яе літаратуры.

Чжаа Дань: у Беларусі мне падабаецца атмасфера

Чжаа Дань – магістрант, яна вучыцца ў другім Пекінскім інстытуце замежных моў, яе спецыяльнасць — руская літаратура. І хоць дзяўчына ўсяго толькі першы год займаецца беларускай мовай, яна ўжо прызнаецца ў шчырай любові і да яе, і да краіны цалкам. 

"Год таму я першы раз дакранулася да беларускай мовы, і я адразу закахалася ў яе. Я хачу ў далейшым вывучаць беларускую мову і перакладаць беларускія вершы, вывучаць беларускую літаратуру", — распавядае Чжаа Дань.

Чжаа Дань, Кітай
© Sputnik / Анастасия Волчок
Чжаа Дань, Кітай

Любімы яе аўтар — Якуб Колас. Чжаа Дань расказвае, што яго творчасць яны вывучалі на занятках у інстытуце. Для сваёй моўнай практыкі яна абрала Беларусь, таму што "адносіны паміж Кітаем і Беларуссю вельмі добрыя".

"Я лічу, што калі я вывучаю беларускую мову, у будучыні я змагу знайсці добрую працу. Я хачу застацца працаваць у вас у краіне. У Беларусі ўжо існуе шмат кітайскіх кампаній", — дзеліцца планамі Чжаа Дань.

На пытанне пра тое, што ёй больш за ўсё падабаецца ў Беларусі, адказвае: "Атмасфера… Паветра. У Пекіне паветра бруднае. У Беларусі паветра чыстае і неба сіняе".

А вось да беларускай ежы дзяўчына яшчэ не прызвычылася, але кажа, што яна добрая на смак.

"Я хачу пазнаёміць маіх сяброў з Беларуссю, таму што Мінск — гэта вельмі прыгожы і сучасны горад", — напрыканцы дадае Чжаа Дань.

Давід: я зразумеў, што трэба размаўляць па-беларуску

Давід вучыўся ў Ельскім універсітэце ў ЗША і кажа, што заўсёды жадаў лепей чытаць і гаварыць па-руску.

"Я не ведаю, ці ёсць у вас такое паняцце, як heritage language speaker — гэта чалавек, які, напрыклад, ведаў гэтую мову дзякуючы сваякам, але не пісаў і не чытаў. Я пачаў з рускай, але гэта ўсё ж такі мая родная мова, я зразумеў, што не хацеў спыняцца на гэтым, і пачаў вывучаць іншыя славянскія мовы", — распавядае Давід.

Давід, ЗША
© Sputnik / Анастасия Волчок
Давід, ЗША

Некаторы час ён жыў у Кіеве падчас стажыроўкі пры Кіева-Магілянскай акадэміі. Там юнак зацікавіўся раннімі часамі Савецкага Саюза, памежжам, міжмоўем.

"Мае продкі гаварылі на ідышы, я пачаў цікавіцца пісьменнікамі, якія працавалі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, мелі карэспандэнцыю з беларускімі пісьменнікамі. Для мяне гэта ўсё звязана. Калі я хачу быць славістам, які цікавіцца ідышам, украінскай мовай, я зразумеў, што трэба размаўляць і па-беларуску", — разважае Давід.

Ён дадае, што для яго было вельмі важна ведаць, спрабаваць разумець і гаварыць на тых мовах, якія былі не вельмі распаўсюджаны ці зведалі пэўную дыскрымінацыю. Нажаль, канстатуе ён, у Беларусі рэдка можна пачуць, каб хто-небудзь размаўляў па-беларуску.

"Нават я, замежнік, усё ж такі адчуваю некаторую нязручнасць, калі я размаўляю па-беларуску. Але ў школе я не планую ўвогуле размаўляць па-руску", — сцвярджае Давід.

Летняя школа беларусістыкі будзе працаваць да 31 жніўня. Напрыканцы адбудзецца ўручэнне слухачам імянных сертыфікатаў аб заканчэнні навучання.

Пра тое, як урачыста адкрывалі Чацвёртую міжнародную летнюю школу беларусістыкі, чытайце ў матэрыяле Sputnik >>

192
Тэги:
летняя школа беларусістыкі, Беларуская мова, Беларусь