Вайсковыя могілкі ў Мінску

Уратаваць Вайсковыя могілкі спрабуюць валанцёры

135
(абноўлена 22:26 27.08.2018)
Зараз работы Спецкамбіната па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак прыпыненыя па рашэнні пракуратуры, але валанцёры ўпэўненыя: чыноўнікі хутка вернуцца.

Генеральная пракуратура паабяцала прыняць меры адносна выяўленных парушэнняў на добраўпарадкаванні Вайсковых могілак і абяцанне сваё стрымала: зараз на адным з галоўных некропаляў адносная цішыня. Сюды кожны дзень прыходзяць толькі валанцёры — па тры-чатыры чалавекі ў буднія дні і некалькі дзесяткаў — у выхадныя. Працай кіруе гісторык Павел Каралёў.

Каардынуе працу валанцёраў Павел Каралёў
© Sputnik Алеся Шаршнёва
Каардынуе працу валанцёраў Павел Каралёў

"Мы пачалі працаваць тут прыкладна два з паловай месяцы таму, і з таго часу не было ніводнага дня, каб на могілках не ішла праца. Робім усё за ўласныя сродкі або за ахвяраванні добрых людзей. Бывае так, што чалавек фізічна не можа дапамагчы, а проста прыносіць грошы ці нават пэнзлі і фарбу", — распавядае Павел.

Уся інфармацыя аб працы валанцёраў размяшчаецца ў суполках у сацыяльных сетках, але ў хуткім часе можа з'явіцца адмысловы сайт, прысвечаны Вайсковым могілкам. Там будуць дадзеныя не толькі аб дзейнасці валанцёраў, але і гісторыя пахаванняў, фотаздымкі і відэа.

Валанцёры працуюць на Вайсковых могілках
© Sputnik Алеся Шаршнёва
Валанцёры працуюць на Вайсковых могілках

Падлік адноўленых помнікаў не вядзецца. Павел кажа, што проста няма такой мэты, і называе толькі прыкладную лічбу — каля ста. Валанцёры рамантуюць агароджу, чысцяць і фарбуюць кветнікі.

Перш за ўсё праца ідзе з аб'ектамі, пазначанымі жоўтай і чырвонай фарбамі: менавіта так прадстаўнікі спецыяльнай камісіі ў 2015 годзе пазначалі помнікі, якія знаходзіліся ў неналежным стане, у тым ліку патрабавалі дэмантажу канструкцый.

Крыжы і пахаванні, прызначаныя для дэмантажу, прадстаўнікі спецыяльнай камісіі пазначалі жоўтай і чырвонай фарбамі
© Sputnik Алеся Шаршнёва
Крыжы і пахаванні, прызначаныя для дэмантажу, прадстаўнікі спецыяльнай камісіі пазначалі жоўтай і чырвонай фарбамі

Па ранейшай інфармацыі, Мінкульт налічыў каля трох тысяч такіх пахаванняў. Валанцёры лічаць, што такіх аб'ектаў на Вайсковых могілках менш у дзесяткі разоў.

Амерыканскі пантэон замест беларускіх могілак

"Пра тое, што помнікі і крыжы на некаторых пахаваннях збіраюцца дэмантаваць, я даведаўся яшчэ паўтары гады таму. Проста прыйшоў і пабачыў вялікую колькасць шыльдачак, якія папярэджвалі сваякоў пахаваных, што, калі не будуць прынятыя меры па прывядзенні ў парадак надмагільных плітаў, праз тры гады іх заменяць стандартнымі. Яшчэ тады ўразіла тое, што іх вельмі многа", — успамінае Павел Каралёў.

Гісторык займае пасаду сакратара грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры, таму адразу ж узняў пытанне і разам з аднадумцамі накіраваў лісты ў Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і КУП "Спецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання". Просьба: каб усё было па законе.

З дапамогай такіх шыльдачак валанцёры спадзяюцца зберагчы пахаванні
© Sputnik Алеся Шаршнёва
З дапамогай такіх шыльдачак валанцёры спадзяюцца зберагчы пахаванні

"Гэтыя помнікі — сапраўды культурная каштоўнасць, іх лёс не павінна вызначаць звычайная камісія. Год таму мяне заверылі, што ўсё будзе адпаведна з заканадаўствам. Трохгадовы перыяд, дадзены людзям на добраўпарадкаванне, скончыўся ў жніўні 2017 года, і тут пачалося штосьці ненармальнае", — дадае Каралёў.

Пахаванне на Вайсковых могілках
© Sputnik Алеся Шаршнёва
Пахаванне на Вайсковых могілках

Ён упэўнены, што праца, якая адбывалася на Вайсковых могілках, супярэчыць і Кодэксу аб культуры, і Закону аб пахаваннях, і пахавальнай справе.

"Прадстаўнікі Спецкамбіната спасылаюцца на 22-і артыкул закона аб пахавальнай справе, у якім размова ідзе аб тым, што могуць прыбірацца надмагільныя пліты, ступень разбурэння якіх выключае рамонт і аднаўленне, але такіх тут вельмі мала. На наш погляд, каля 90% помнікаў тут можна аднавіць і захаваць амаль што ў першапачатковым выглядзе", — падкрэслівае гісторык.

Крыж на Вайсковых могілках
© Sputnik Алеся Шаршнёва
Крыж на Вайсковых могілках

Галоўнай тэмай спрэчкі сталі так званыя "надгалоўнікі", або тыповыя надмагільныя пліты, якімі прадстаўнікі спецкамбіната замянялі разбураныя пліты.

Асабліва ад добраўпарадкавання пацярпелі дзіцячыя пахаванні
© Sputnik Алеся Шаршнёва
Асабліва ад "добраўпарадкавання" пацярпелі дзіцячыя пахаванні

"На такім аб'екце важную роль мае візуальнае ўспрыняцце. На гэтых могілках ёсць агароджы з трубаў, крыжы з шасцяронак і многа іншых цікавых і прыгожых рэчаў. Замена іх тыповымі надгалоўнікамі — парушэнне. Беларускія могілкі, якія існуюць тут з дзевятнаццатага стагоддзя, пераўтвараюцца ў ваенны амерыканскі некропаль. Гэта не наша гісторыя", — звяртае ўвагу Каралёў.

Ідэальнае выйсце

Па словах Каралёва, зараз Міністэрства культуры разглядае праект рэканструкцыі некропаля, па якім тут павінны з'явіцца ліхтары, новыя брамы і прыгожыя лавачкі. Таксама ёсць ідэя зрабіць нацыянальны пантэон.

"Нашы чыноўнікі ўпэўненыя, што калі ўсё будзе выглядаць аднолькава, адразу стане прыгожа. Але тут галоўная задача — не проста зрабіць прыгожа, а захаваць самабытнасць такога аб'екта", — тлумачыць гісторык.

Па меркаваннях актывістаў, ідэальнае выйсце з гэтай сітуацыі — абмеркаваць сітуацыю з усіх бакоў і дазволіць супрацоўнікам Спецкамбіната прыбіраць толькі аскепкі, бо такія месцы сапраўды ёсць.

Валанцёры прапанавалі распачаць грамадскую акцыю: кожная арганізацыя возьме некалькі помнікаў, якія і будзе даглядаць, бо, толькі аб'яднаўшыся, атрымаецца захаваць самабытную гісторыю Вайсковых могілак.

"З гэтага вострага канфлікта трэба ісці на мірную дарогу і паказаць прыклад супрацоўніцтва дзяржавы і грамадскіх арганізацый. На дадзены ж момант мы працуем, і перыядычна на нас вызываюць міліцыю", — заключае Каралёў.

135
Тэги:
валанцёры, Вайсковыя могілкі, Мінск
Каментары