Хірургічная аперацыя, архіўнае фота

Паўторная перасадка сэрца ўпершыню праведзена ў Беларусі

15
(абноўлена 10:11 29.09.2018)
Аперацыя прайшла 23 верасня і завяршылася паспяхова: зараз пацыент знаходзіцца ў тэрапеўтычным аддзяленні цэнтра.

МІНСК, 29 вер — Sputnik. Хірургі Беларусі ўпершыню правялі аперацыю па паўторнай перасадцы сэрца, паведаміў кардыяхірург рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія" Сяргей Спірыдонаў.

Пацыенту ўпершыню перасадзілі сэрца яшчэ ў 2013-м, аднак праз пяць гадоў у яго пачало развівацца ўскладненне — кровазабеспячэнне донарскага органа пагоршылася. Менавіта таму медыкі прынялі рашэнне правесці паўторную аперацыю па перасадцы донарскага органа.

Як паведамілі ў эфіры тэлеканала АНТ, аперацыя прайшла 23 верасня і завяршылася паспяхова: зараз пацыент знаходзіцца ў тэрапеўтычным аддзяленні цэнтра.

"Самому чалавеку перажыць аперацыю нічога не варта, а вось выйсці з яе больш складана", — сказаў пасля правядзення трансплантацыі 42-гадовы жыхар Вілейкі Аляксандр Капцюг.

Ён таксама адзначыў, што пасля курсу рэабілітацыі плануе вярнуцца да звычайнага жыцця, у тым ліку працягнуць працаваць.

Паводле інфармацыі Спірыдонава, такая рэнтрансплантацыя галоўнага органа была праведзена ў рэспубліцы ўпершыню. Усяго ж за апошнія дзесяць гадоў у цэнтры яго хірургі выканалі больш за трыста трансплантацый.

Беларускі НДІ кардыялогіі быў створаны ў 1977 годзе, пасля на яго аснове сфарміравалі РНПЦ "Кардыялогія". Зараз спецыялісты цэнтра выконваюць шэраг унікальных аперацый, а таксама займаюцца актыўнай навуковай дзейнасцю. Восем урачоў РНПЦ з'яўляюцца сапраўднымі членамі ESC — Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў.

15
Тэги:
Медыцына і здароўе, РНПЦ "Кардыялогія", Мінск
Каментары