Мемарыяльны комплекс Яма ў Мінску

Белыя плямы страшнай трагедыі: што важна ведаць пра гісторыю Мінскага гета

60
(абноўлена 11:07 21.10.2018)
Да 75-годдзя з дня знішчэння аднаго з найбуйнейшых гета ў Еўропе Sputnik прыслухаўся да галасоў ахвяраў і катаў, а таксама распытаў гісторыка аб тым, чаму сучасным беларусам трэба ведаць аб гэтай трагедыі.

Калі кажуць пра гісторыю Мінскага гета, успамінаюць, што яно было адным з найбуйнейшых у Еўропе, і называюць лічбу ў 100 тысяч. Столькі яўрэяў, прынята лічыць, прайшло праз Мінскае гета за час яго існавання з ліпеня 1941-га па 21 кастрычніка 1943 году. Пераважная большасць была забіта.

21 кастрычніка 1943 пачаўся апошні пагром. На працягу трох дзён нацысты забілі амаль усіх пакінутых вязняў. Выратаваліся адзінкі.

Прыгожая круглая лічба і эфектнае "адно з найбуйнейшых" не могуць у поўнай меры перадаць тую трагедыю, якая разгортвалася на мінскіх вуліцах на працягу некалькіх гадоў.

Адна магіла

У Маі Крапінай у гета загінулі 52 сваякі - сёстры, браты, бабулі, дзядулі, цёткі, іх дзеці. Сама яна ацалела, хоць у голадзе, холадзе і страху правяла за калючым дротам Мінскага гета каля двух гадоў.

Калі пачалася вайна, ёй было 6 гадоў. Яна памятае, як хавалася ад аблаў і пагромаў у так званых "малінах", спецыяльна абсталяваным на тэрыторыі гета схроне. Памятае, як пасля забойства гаўляйтэра Вільгельма Кубэ на Юбілейнай плошчы стаялі шыбеніцы, і на адной з іх была яе мама.

Майя Крапина провела в Минском гетто около двух лет
© Sputnik / Сергей Пушкин
Майя Крапіна правяла ў Мінскім гета каля двух гадоў

Дзе магіла мамы, яна не ведае. Роўна як не ведае, дзе ляжыць большасць яе родных, якія загінулі ў гета.

"У мяне ёсць толькі адна магіла. Гэта магіла маленькай сястрычкі, якой было 9 месяцаў. Мы хаваліся ў "маліне", і, калі фашысты прыйшлі ў дом, яна заплакала. Хтосьці паклаў ёй нешта ў рот, мама прыціснула яе моцна да грудзей. А калі мы вышлі з "маліны", сястрычка была мёртвая... і гэта адзіная магіла на яўрэйскіх могілках, якая ў мяне ёсць. Нават калі знеслі могілкі і гэтай магілы не стала, я памятаю гэтае месца", - распавядала былая вязніца Мінскага гета ў інтэрв'ю Sputnik.

Ад апошняга кастрычніцкага пагрому яны ўцяклі. Яе брат, які падтрымліваў сувязь з партызанамі, вывеў сястру і яшчэ некалькі дзясяткаў дзяцей з гета, з горада. І прывёў у Парэчча, вёску ў 100 км ад Мінска.

Беларускія сяляне разабралі яўрэйскіх дзяцей па хатах і да прыходу савецкай арміі кармілі і, рызыкуючы жыццём, хавалі. Са сваёй Настай, Настай Хурс, Крапіна потым сябравала ўсё жыццё. І да гэтага часу вельмі перажывае, што не змагла дамагчыся для Парэчча статусу Вёскі Праведнікаў.

Душагубкі

У той час, калі некалькі дзясяткаў яўрэйскіх дзяцей беглі да Парэчча, з тэрыторыі гета ў душагубках і проста грузавіках вывозілі іх родных і суседзяў.

"Мы хадзілі па гета, збіралі ўсіх запар яўрэяў - жанчын з дзецьмі, старых, маладых мужчын - і канваіравалі іх да брамы, і з ужываннем сілы грузілі іх у машыны з суцэльнаметалічным кузавам", - успамінаў на допыце баец адной з рот 13-га беларускага паліцэйскага батальёна СД Жодейко.

Таблички с именами погребенных в Благовщине
© Sputnik / Виктор Толочко
Таблічкі з імёнамі пахаваных у Благаўшчыне

Машыны з суцэльнаметалічным кузавам - гэта душагубкі. Частку ахвяр прымушалі залазіць у іх, частку - у звычайныя грузавікі. З гета да расстрэльнага месца "Благаўшчына" ў Трасцянцы машыны звычайна сыходзілі парамі. Не выпадкова - нацысты максімальна "аптымізавалі" працэс знішчэння вязняў Мінскага гета.

"Прыбылых з намі на аўтамашыне асоб яўрэйскай нацыянальнасці мы прымусілі злезці з машыны, а затым разгружаць трупы людзей з "душагубкі", якую мы загрузілі ў гета. Трупы кідалі проста ў траншэю. Пасля таго, як "душагубкі" былі разгружаны, немцы загадалі гэтым асобам распрануцца дагала, што яны і зрабілі. Затым загадалі стаць у шэраг тварам да траншэі", - успамінаў яшчэ адзін з удзельнікаў зачысткі гета ў кастрычніку 1943-го.

Примерно в таких машинах-душегубках вывозили в Тростенец узников Минского гетто
© Public Domain.
Прыкладна ў такіх машынах-душагубках вывозілі ў Трасцянец вязняў Мінскага гета

Гісторыя Мінскага гета цесна звязана з гісторыяй лагера смерці Трасцянец. Сюды забіваць масава везлі яўрэяў з Заходняй Еўропы. Але да таго, як была добраўпарадкавана інфраструктура лагера і наладжаны працэс масавых забойстваў, яўрэяў з Заходняй Еўропы сялілі ў Мінскім гета.

Вялікая частка ахвяр Трасцянца - гэта насельнікі Мінскага гета, мясцовыя і дэпартаваныя яўрэі.

І калі пра заходніх яўрэяў дастаткова шмат вядома - колькі іх было, імёны, то пра мясцовых - практычна нічога.

Белыя плямы

Мы вельмі мала ведаем імёнаў тых, хто быў у Мінскім гета, кажа рэферэнт Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна Аляксандр Далгоўскі.

Ёсць круглая лічба, і няма дакладных дадзеных. Няма імёнаў і інфармацыі пра канкрэтныя лёсы і сем'і.

"Не захаваўся архіў СД. Нацысты хацелі схаваць сляды злачынства. У выніку мы павінны глядзець у сем'ях, дзе ў каго зніклі людзі. Ёсць спісы жыхароў даваеннага Мінска з яўрэйскімі прозвішчамі. І на іх аснове з нейкай доляй верагоднасці можна нешта рэканструяваць, але гэта толькі невялікія кавалачкі мазаікі", - тлумачыць Далгоўскі.

Историк, референт Исторической мастерской им. Л. Левина  Александр Долговский
© Sputnik / Виктор Толочко
Гісторык, рэферэнт Гістарычнай майстэрні імя Л. Левіна Аляксандр Далгоўскі

Ён настойвае, што гісторыя Мінскага гета павінна быць больш грунтоўна прадстаўлена ў школьных праграмах. У рэшце рэшт, тут гінулі суграмадзяне і суседзі. Веданне аб гэтай трагедыі магло б грунтоўна дапоўніць драматычную гісторыю Беларусі ў вайну.

"Калі пазначыць пікі забойстваў у Беларусі, то 41-ы год - гэта абсалютная большасць забітых ваеннапалонных ад холаду і голаду ў лагерах, 42-ы - гэта пік забойства яўрэяў (і мінскіх, і беларускіх). Усюды знішчаюцца яўрэйскія абшчыны. Акрамя таго, нацысты прывозяць да нас заходніх яўрэяў на знішчэнне. І мы таксама можам пра іх памятаць. І 43-й год - гэта пік спаленых вёсак, калі беларусы пераследаваліся, знішчаліся ў рамках карных аперацый. Скажыце, пра каго мы павінны лепш памятаць? Мы павінны пра усіх памятаць, таму што яны ўсе - часткі вялікі жудаснай трагедыі", - настойвае гісторык.

Веданне аб гэтай трагедыі важна - разуменне таго жаху, які перажылі (ці не змаглі перажыць) звычайныя людзі ў вайну, можа даць сучаснаму школьніку прышчэпку ад гвалту, умацаваць яго імунную сістэму, мяркуе гісторык.

Памяць

З нагоды трагічнай гадавіны знішчэння Мінскага гета на Яме ў панядзелак пройдзе жалобны мітынг. Увечары ў філармоніі адбудзецца вечар памяці ахвяр Халакосту.

Адразу некалькі музеяў рыхтуюць тэматычныя выставы. У прыватнасці, у гістарычным музеі адкрыецца выстава "Па той бок жыцця: нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода". Яго працы знакамітых серый "Нямецкая акупацыя" і "Гета" ніколі раней не экспанаваліся ў Мінску.

60
Тэги:
халакост, гета
Каментары