Памёр вядомы беларускі трэнер па цяжкай атлетыцы Анатоль Лабачоў

Памёр вядомы беларускі трэнер па цяжкай атлетыцы Анатоль Лабачоў

5
(абноўлена 13:06 20.08.2019)
Трэнер, у ліку выхаванцаў якога - прызёры Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету і Еўропы, памёр у панядзелак, 19 жніўня, на 81-м годзе жыцця.

МІНСК, 20 жні - Sputnik. Пайшоў з жыцця вядомы беларускі трэнер па цяжкай атлетыцы Анатоль Лабачоў, паведамленне пра гэта з'явілася на сайце Weightlifting Belarus.

Анатоль Лабачоў сканаў у панядзелак, 19 жніўня, яму было 80 гадоў. Усё сваё жыццё ён прысвяціў цяжкай атлетыцы: спачатку выступаў у якасцi спартсмена, пазней стаў трэнерам і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў перадаваў свой вопыт маладым атлетам.

Анатоль Леанідавіч Лабачоў нарадзіўся 14 сакавіка 1939 года. З юнацтва займаўся цяжкай атлетыкай, а ў 1968 годзе пачаў працаваць трэнерам у Магілёўскім абласным савеце ДСО "Спартак". У 1974 годзе ён атрымаў дыплом Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. Пасля доўгі час Лабачоў быў трэнерам-выкладчыкам аддзялення цяжкай атлетыкі ў Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву.

За сваю трэнерскую кар'еру Анатоль Лабачоў зрабіў істотны ўнёсак у развіццё цяжкай атлетыкі Беларусі. З 1999 па 2000 год быў кіраўніком нацыянальнай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы. Пад яго кіраваннем на XXVII летніх Алімпійскіх гульнях былі заваяваны дзве бронзавыя медалі.

За час працы Анатоль Лабачоў выхаваў 25 майстроў спорту міжнароднага класа і больш за 100 майстроў спорту Беларусі. Сярод іх - чэмпіён свету і Еўропы па цяжкай атлетыцы, срэбны прызёр XXVIII і XXIX летніх Алімпійскіх гульняў Андрэй Рыбакоў і чэмпіён Еўропы Віталь Дзербянёў. У 2013 годзе на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы выхаванкі Лабачова Кацярына Шкуратава і Дзіна Сазанавец занялі трэцяе месца, а Андрэй Рыбакоў заваяваў "золата" ў рыўку.

У 2001 годзе Лабачова ўзнагародзілі медалём "За працоўныя заслугі", у 2009 і 2010 гадах - медалём "За выдатныя заслугі" Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. У 2014 годзе трэнер стаў "Ганаровым грамадзянінам Магілёва".

Беларускі цяжкаатлетычны саюз, Нацыянальная зборная Беларусі і цяжкаатлеты краіны выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Анатоля Лабачова.

5
Тэги:
Смерць публічных людзей, Беларусь

Грамадства