Галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч

БАТЭ застаўся без Лігі Еўропы

12
(абноўлена 10:37 26.08.2016)
Галоўны трэнер каманды пасля матчу з "Астаной" анансаваў "перабудову" ў БАТЭ, пра якую ўсе пазнаюць у бліжэйшы час.

МІНСК, 26 жні — Sputnik. Барысаўскі футбольны клуб БАТЭ вылецеў з розыгрышу Лігі Еўропы, пацярпеўшы паражэнне па суме дзвюх сустрэч з казахстанскай "Астаной" — 0:2 (у гасцях) і 2:2 (дома).

У чацвер на "Барысаў-Арэне" барысаўчане прымалі клуб са сталіцы Казахстана ў межах раўнда плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы. Гульня завяршылася з лікам 2:2. Галамі ў складзе гаспадароў адзначыліся Міхаіл Гардзяйчук (27-я хвіліна) і Ігар Стасевіч (89, з пенальці). У гасцей забівалі Нёмане Максімавіч (50) і Патрык Твумасі (76). Хатняя нічыя і параза на выездзе тыдзень таму (2:0) не дазволілі "жоўта-сінім" патрапіць у групавы раунд ЛЕ.

"Трэба садзіцца і разбірацца", — коратка адказаў на пытанне "Хто вінаваты і што рабіць?" галоўны трэнер барысаўчан Аляксандр Ермаковіч. Яго словы прыводзіць клубная прэс-служба.

Са слоў галоўнага трэнера, з кіраўніцтвам клуба была ўжо дасягнута дамоўленасць аб "перабудове" ў камандзе.

"Днямі мы сядзем і агаворым далейшае развіццё клуба, абмяркуем магчымыя перамены", — удакладніў спецыяліст.

Футбалісты БАТЭ ў апошні раз заставаліся без еўракубкавай восені ў сезоне 2013/2014, калі саступілі яшчэ аднаму прадстаўніку Казахстана, Карагандзінскаму "Шахцёру" ў другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Тады клуб пакінуў галоўны трэнер Віктар Ганчарэнка, які зараз працуе ў расійскім чэмпіянаце з "Уфой". Цяперашні еўракубкавы сезон барысаўчане таксама пачыналі ў чэмпіёнскай Лізе, абыграўшы фінскі "Сейняёкі" і саступіўшы ірландскаму "Дандолку".

12
Тэги:
Спорт, Футбол, ФК БАТЭ, Беларусь

Спорт