Крумкачы святкуюць гол у вароты БАТЭ

"Крумкачы" абыгралі БАТЭ, якому вінны грошай

13
(абноўлена 10:36 21.08.2017)
Заўзятары назвалі перамогу над БАТЭ гістарычнай, а хтосьці нават зарабіў на трыумфе "Крумкачоў".

МІНСК, 21 жні — Sputnik. Мінскі футбольны клуб "Крумкачы" абыграў барысаўскі БАТЭ ў матчы 19-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе, паведамляе Sputnik.

Паядынак адбыўся ў нядзелю, 20 жніўня, на "Барысаў-Арэне". Сустрэча завяршылася з лікам 2:3 на карысць гасцей з Мінска. У складзе "крумкачоў" вызначыліся Філіп Іваноў (20-я хвіліна), Аляксандр Філановіч (25) і Уладзіслаў Іваноў (68). У "жоўта-сініх" галы на свой рахунак запісалі Міхаіл Гардзяйчук (48) і Мікалай Сігневіч (56).

Сорамна

Пасля гульні і без таго нешматслоўны галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч назваў гульню барысаўчан "няўцямнай". "Сорамна, проста няма слоў. Віншую супернікаў з перамогай. Мне больш сказаць няма чаго", — прыводзіць словы спецыяліста прэс-служба клуба.

На полі была каманда

Аўтар пераможнага гола ў вароты БАТЭ Уладзіслаў Іваноў, каментуючы поспех сваёй каманды, адзначыў, што "крумкачы" рэалізавалі свае моманты. "Самае галоўнае, што, нягледзячы на ўсе праблемы, на поле была каманда. І вельмі добра выглядала", — сказаў футбаліст. Словы хаўбека прыводзіць прэс-служба клуба.

Паўабаронца "Крумкачоў" таксама падзякаваў заўзятарам за фантастычную падтрымку. "Дзякуй усім, хто ў нас верыў. Мы іх не падвялі", — дадаў Іваноў.

У сваю чаргу настаўнік мінчан Аляксей Кучук назваў перамогу над чэмпіёнам краіны "важнай". "Абгулялі вельмі, вельмі моцную каманду. Удзячны хлопцам. Тыя жаданне, самааддача, вера, з якімі яны гуляюць, дорага каштуюць", — сказаў ён.

Гісторыя з грашыма

У мінулую пятніцу спартыўны партал tribuna.com паведаміў, што БАТЭ выйграў суд у "Крумкачоў" па справе пра доўг.

У студзені мінулага года кіраўніцтва "жоўта-сініх" прадаставіла беспрацэнтную пазыку "Крумкачам" на адзін год у памеры 150 тысяч долараў. Дзякуючы гэтым грошам "крумкачы" змаглі забяспечыць фінансавыя гарантыі перад БФФ і атрымаць ліцэнзію на ўдзел у вышэйшай лізе. Згодна з умовамі дамовы, мінскі клуб павінен быў вярнуць палову сумы ў жніўні мінулага года, іншую частку грошай — у снежні 2016 года. Аднак "Крумкачы" не змаглі пагасіць доўг нават часткова.

У пачатку года эканамічны суд Мінскай вобласці вынес вызначэнне аб спагнанні сумы доўгу ў загадным парадку. Старшыня праўлення Дзяніс Шунто заявіў, што "Крумкачы" вярнулі БАТЭ 35 тысяч долараў.

Цяпер па заяве БАТЭ на рахункі "Крумкачоў" могуць у любы момант накласці арышт, а таксама пачаць апісваць маёмасць. У мінскім клубе пакуль ніяк не каментавалі сітуацыю.

Немагчымае магчыма

Народная каманда, як даўно празвалі "Крумкачоў" заўзятары, упершыню ў гісторыі змагла абыграць барысаўчан. Да гэтага "крумкачы" тройчы цярпелі паразу ад лепшай каманды краіны. У сеціве трыумф падапечных Кучука ўспрынялі з натхненнем.

А некаторыя заўзятары нават змаглі зарабіць дзякуючы ўдалай гульні "крумкачоў". Так, нейкі Сяргей Кавалько паставіў рубель на перамогу, а выйграў 30.

Пасля 19 тураў БАТЭ займае трэцяе месца ў чэмпіянаце краіны (39 ачкоў), "Крумкачы" размясціліся на 12-м радку (19). Лідзіруе салігорскі "Шахцёр" (44).

24 жніўня падапечныя Ярмаковіча згуляюць супраць украінскай "Александрыі" у рамках плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы. Нагадаем, першы матч барысаўчане згулялі ўнічыю (1:1).

13
Тэги:
футбол, ФК "Крумкачы", ФК "БАТЭ", Мінск, Барысаў, Беларусь
Каментары