МІНСК, 13 мая — Sputnik. Беларускія хакеісты прайгралі спартсменам з Аўстрыі з лікам 0:4, такім чынам, зборная Беларусі ўпершыню з 2003 года вылеціць з элітнага дывізіёна сусветнага хакея, перадае карэспандэнт Sputnik.
Для беларусаў гэтая параза стала шостай на турніры: зборная не выйграла ніводнага матча на ЧС у Даніі. Беларускія хакеісты раней прайгралі зборнай Швецыі — 0:5, Францыі — 2:6, Расіі — 0:6, Швейцарыі — 2:5 і Чэхіі — 0:3.
У матчы з аўстрыйцамі беларусы першую шайбу прапусцілі на пятай хвіліне — кідок Лэйна Вівейроса ў створ варот увянчаўся поспехам. Яшчэ тры шайбы апынуліся ў варотах беларусаў у другім перыядзе — на 31-й хвіліне забіў Канстанцін Камарэк, на 35-й — Міхаэль Рафль, а на 40-й — Дамінік Цвергер.
У аўторак, 15 мая, беларусам у рамках ЧС трэба будзе правесці матч са зборнай Славакіі, але зыход гэтага паядынку ўжо ні на што не паўплывае. Правальны выступ нашай каманды пазбавіў яе месца ў элітным дывізіёне сусветнага хакея.
МІНСК, 19 сту – Sputnik. Рашэнне савета Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) парушае статут арганізацыі, а таксама іншыя міжнародныя дакументы, заявіў старшыня камісіі па спартыўным праве Асацыяцыі юрыстаў Расіі Сяргей Аляксееў, каментуючы адмену федэрацыяй правядзення ЧС у Мінску. Ён падкрэсліў, што рашэнне можна абскардзіць у Спартыўным арбітражным судзе (CAS).
Таксама юрыст зазначыў, што беларускі бок можа запатрабаваць кампенсацыі страт, якія панесены пры арганізацыі чэмпіянату. Калі Мінск дакументальна пацвердзіць расходы, тады ёсць шанец гэтыя сродкі спагнаць.
"Гэта паспешлівае рашэнне, непрадуманае і юрыдычна непрапрацаванае. Яно можа негатыўна адбіцца і на маральным стане спартсменаў, можа дэмаралізаваць беларускіх спартсменаў", - дадаў ён.
Аляксееў удакладніў, што IIHF прыняла чыста палітычнае рашэнне.
"Рашэнне IIHF, прынятае па навядзенні членаў Еўрапарламента, уяўляе элемент ціску на "непаслухмяныя" краіны, якія паказваюць добрыя вынікі ў спорце", - адзначыў ён.
Эксперт упэўнены, што трэба дамагацца аргументаванага адказу МАК па прынятаму рашэнню, "каб спадзявацца не на сілу палітычнай кан'юнктуры і рэверансаў, а на сілу прававых нормаў, якія дзейнічаюць у сферы спартыўнага і алімпійскага руху".
Чэмпіянат свету па хакеі планавалі правесці ў сталіцах Беларусі і Латвіі. У панядзелак, 18 студзеня, Міжнародная федэрацыя хакея абвясціла, што Мінск пазбаўлены права на правядзенне мерапрыемства.
Рашэнне IIHF патлумачыла тым, што ў краіне існуюць праблемы з бяспекай з-за палітычнай сітуацыі, якая склалася. Таксама ёсць пытанні, звязаныя з пандэміяй каронавіруса.
Нагадаем, што раней Мінск заяўляў аб поўнай гатоўнасці правесці ЧС сваімі сіламі, калі Рыга адмовіцца ад сумеснай арганізацыі форуму. Цяпер статус Латвіі як суарганізатара чэмпіянату не вядомы, рашэнне па гэтым пытанні будзе разглядаць федэрацыя ў бліжэйшыя дні.
Што тычыцца кампенсацыі, Міжнародная федэрацыя хакея паабяцала выплаціць яе Беларусі, як толькі ўсе пытанні па канчатковым правядзенні форуму будуць вырашаны.
У Мінску ўжо выказалі шкадаванне з прычыны адмены чэмпіянату. Як заявіў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў, турнір 2021 года быў бы праведзены не горш, чым у 2014 годзе. Паводле яго слоў, форум прыцягнуў бы ў краіну тысячы балельшчыкаў і журналістаў, якія "на свае вочы ўбачылі б прыгажосці Беларусі і пераканаліся ў бяспецы краіны".
Чытайце таксама:
МІНСК, 19 сту – Sputnik. У Крамлі шкадуюць аб тым, што Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе (IIHF) вырашыла не праводзіць у Беларусі Чэмпіянат свету-2021, заявіў у аўторак прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
У панядзелак, 18 студзеня, стала вядома, што Мінск пазбаўлены права на правядзенне чэмпіянату. Дзе ў выніку пройдзе ЧС, пакуль не паведамляецца. Міжнародная федэрацыя хакея ў бліжэйшы час зробіць шэраг афіцыйных заяў.
"Мы можам толькі шкадаваць, што такія рашэнні давялося прыняць. Вы ведаеце, што Расія са свайго боку з гэтай федэрацыяй знаходзіцца ў вельмі канструктыўных адносінах. Мы маем намер далей гэтыя адносіны падтрымліваць і развіваць", - сказаў Пяскоў.
Ён таксама адзначыў, што ад Міжнароднай федэрацыі хакея не было якіх-небудзь прапаноў па правядзенні форуму ў Расіі замест Беларусі.
"Пакуль не было такіх ініцыятыў ад МФХ, усё ж такі гэта арганізацыя прымае рашэнне", - падкрэсліў прэс-сакратар расійскага лідэра.
18 студзеня IIHF абвясціла, што Беларусь не будзе прымаць сусветнае першынство 2021 года. Прычыны - як складаная палітычная абстаноўка ў краіне, так і сітуацыя з пандэміяй. Хоць раней беларускі лідэр Аляксандр Лукашэнка запэўніў прэзідэнта IIHF Рэнэ Фазэля на сустрэчы ў Мінску, што краіна гатова правесці форум "хоць заўтра" і што ён будзе "лепшым у гісторыі".
Канчатковага рашэння па месцы правядзення чэмпіянату пакуль не прынята. Нагадаем, першынство павінны былі правесці Мінск і Рыга сумесна з 23 траўня па 6 чэрвеня. Як адзначылі ў Міжнароднай федэрацыі хакея, статус Латвіі як суарганізатара чэмпіянату разгледзіць савет IIHF, а Беларусі выплацяць кампенсацыю.
Чытайце таксама: