Гоначны МАЗ, архіўнае фота

Вязовіч заблукаў у Каракумах: вынікі другога этапу Turkmen Desert Race

14
(абноўлена 11:59 13.09.2018)
Экіпаж лідара каманды пагнаўся за КамАЗам, і абодва збіліся з курсу, страціўшы час на пошук правільнага маршруту.

МІНСК, 13 вер - Sputnik. Экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта" захоўваюць месцы ў пяцёрцы лепшых па выніках другога этапа ралі Turkmen Desert Race, паведаміла прэс-служба "чырвоных зуброў".

Другі этап, у параўнанні з першым, цалкам пракладзеным па бездаражы, ужо чаргаваўся з хуткаснымі адрэзкамі, на якіх МАЗы адразу рванулі наперад. Аднак каміён Сяргея Вязовіча збіўся з курсу і страціў з-за гэтага час.

"На 200-м кіламетры дагналі Сотнікава і пачалі заходзіць у пыл, каб яго абагнаць. Той, на жаль, збіўся са шляху і адвёў нас за сабой", - пракаментаваў памылку Вязовіч.

Па выніках двух этапаў тры МАЗы займаюць месцы з трэцяга па пятае ў заліку грузавікоў. Трэці - экіпаж Вязовіча, чацвёрты і пяты - Аляксей Вішнеўскі і Аляксандр Васілеўскі. Першыя дзве пазіцыі - у экіпажаў "КАМАЗ-МАЙСТАР" Айрата Мардзеева і Дзяніса Сотнікава. Вязовіч прайграе лідару ўсяго дзве хвіліны.

Трэці этап гонкі стартаваў у чацвер, ён пракладзены па хуткасных участках уздоўж возера ў цэнтры пустыні Каракумы. Па словах кіраўніка беларускай каманды, улічваючы тое, што тэхніка паводзіць сябе выдатна і адставанне ад камазаўцаў невялікае, МАЗы паспрабуюць адыграць пазіцыі.

14
Тэги:
Turkmen Desert Race, Сяргей Вязовіч, "МАЗ-СПОРТаўта"
Каментары