Галоўны трэнер ХК Дынама-Мінск Гордзі Дуайер

Галоўнага трэнера ХК "Дынама-Мінск" Гордзі Дуайера звольнілі

23
(абноўлена 14:58 09.11.2018)
Хакейны клуб "Дынама-Мінск" расстаўся са сваім трэнерскім штабам, генеральны дырэктар ХК Дзмітрый Баскаў адзначыў, што ў камандзе радыкальныя змены.

МІНСК, 9 ліс - Sputnik. Трэнерскі штаб "Дынама-Мінск" пакідае клуб: галоўны трэнер Гордзі Дуайер звольнены, з іншымі трэнерамі кантракты скасаваны па пагадненні бакоў.

"З трэнерам Сяргеем Стасем, трэнерам Канстанцінам Кальцовым, трэнерам па варатарах Андрэем Кудзіным, трэнерам па фізпадрыхтоўцы Генадзем Лянгам і трэнерам-селекцыянерам Юрыем Кузьмянковым кантракты скасаваны па пагадненні бакоў", - паведамілі Sputnik у пятніцу ў прэс-службе "Дынама-Мінск".

Абаронца Ілля Хахлоў змешчаны ў спіс адмоў, нападаючы Арцём Арцёмаў адпраўлены ў фарм-клуб - ХК "Шахцёр" (Салігорск). Нагадаем, згодна з артыкулам 39 Прававога рэгламенту КХЛ гулец, змешчаны ў спіс адмоў, на працягу 48 гадзін можа быць абраны іншым клубам Лігі.
Арцём Арцёмаў выходзіў на лёд у дзевяці паядынках, набранымі ачкамі не вызначыўся, але зарабіў "-1". Ілля Хахлоў правёў 20 матчаў, аддаў адну выніковую перадачу. Яго паказчык карыснасці - "-9".

Мінскае "Дынама" паказвае не самыя лепшыя вынікі з самага пачатку "рэгуляркі". На старце сезона "зубры" прайгралі чатыры матчы запар, затым перамогі змяняліся паражэннямі. Пачынаючы з 30 верасня мінчане выдалі сваю рэкордную серыю паражэнняў з 11 матчаў, перасягнуўшы сваё ж "дасягненне" дзесяцігадовай даўніны - тады каманда прайграла дзевяць гульняў запар.

Правальны сезон

Ужо ў сярэдзіне серыі заўзятары, спартыўныя СМІ і эксперты прадказвалі звальненне канадскага спецыяліста Гордзі Дуайера з пасады галоўнага трэнера каманды. У кастрычніку пасаду гендырэктара пакінуў Анатоль Курылец, а яго месца заняў Дзмітрый Баскаў. Але ў трэнерскім штабе змяненняў, нягледзячы на заявы кіраўніка ФХРБ Генадзя Савілава, так не і здарылася. А за Дуайера заступіўся міністр спорту Сяргей Кавальчук.

"Дынамаўцаў" напрыканцы кастрычніка звазілі на экскурсію на МТЗ, дзе яны пагутарылі з калектывам завода і запэўнілі, што далей будуць гуляць лепш. Слова стрымалі, абыграўшы кітайскі "Куньлунь".

Затым кіраўнік назіральнага савета Ігар Шуневіч пасля доўгачаканай вікторыі сустрэўся з камандай і заявіў, што ў "зуброў" ёсць два матчы, па выніках якіх будуць прымацца далейшыя рашэнні. З адведзеных гульняў мінчане выйгралі толькі адну - супраць "Сочы", а прайгралі "Барысу".

Зараз у клуба міжнародная паўза. Некалькі гульцоў "Дынама-Мінск" выклікалі ў нацыянальную зборную Беларусі для ўдзелу ў хатнім турніры Кубка 4 нацый супраць каманд Францыі, Латвіі і Славеніі.

Наступны матч "зубры" правядуць дома 12 лістапада супраць чалябінскага "Трактара".

23
Тэги:
Хакей, Гордзі Дуайер, ХК Дынама (Мінск)
Каментары