Лукашэнка прапанаваў прыраўняць беларускіх спартсменаў да расійскіх

Лукашэнка прапанаваў прыраўняць беларускіх спартсменаў да расійскіх

7
(абноўлена 13:55 11.12.2018)
Прэзідэнт прызнаўся, што заўсёды падтрымлівае расійскую каманду, калі на спаборніцтвах няма беларусаў.

МІНСК, 11 сне - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў з прапановай міністру спорту РФ Паўлу Калабкову зняць абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнявых відах спорту, паведамляе БелТА.

У верасні Мінспорту РФ зняло абмежаванні на ўдзел беларускіх хакеістаў у расійскіх лігах. Да гэтага са жніўня 2015 года беларусы лічыліся легіянерамі. А ў лістападзе расійскае ведамства прапанавала ўнесці аналагічныя змены па зняцці абмежаванняў у баскетболе, водным пола, валейболе, гандболе, рэгбі, хакеі на траве, хакеі з мячом і футболе.

"Я дзякую вам, што ў нас ёсць рух у прыраўнаванні беларусаў да расіян, каб тут не было адрозненняў. Па хакеі быццам бы вырашылі праблему, але, я думаю, трэба рухацца і па іншых відах спорту", - сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Калабковым у аўторак.

Прэзідэнт адзначыў, што ў размове з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным ён ўздымаў гэтую тэму. "Я аднойчы прэзідэнту казаў, што нам не трэба баяцца, што будуць думаць іншыя дзяржавы. Калі яны хочуць мець роўныя правы, трэба ўступаць у Саюз Беларусі і Расіі", - удакладніў Лукашэнка.

Акрамя таго, беларускі прэзідэнт звярнуў увагу на поспехі расійскіх спартсменаў. Паводле яго слоў, калі на спаборніцтвах няма беларусаў, ён заўсёды заўзее за расійскіх атлетаў.

"Вы проста малайцы, па-руску зубы сціснулі і бартанулі нарвежцаў нават у лыжных відах спорту. Дай бог, каб у лыжнікаў так далей было, як на гэтых першых этапах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва дзвюх краін у частцы выкарыстання спартыўных аб'ектаў Беларусі і Расіі для падрыхтоўкі спартсменаў, у тым ліку да Алімпіяды-2020 у Японіі. Лукашэнка адзначыў, што расіяне заўсёды могуць праводзіць зборы ў Беларусі.

7
Тэги:
Расія, Беларусь, Аляксандр Лукашэнка