МІНСК, 23 сту - Sputnik. У экіпажаў каманды "МАЗ-СПОРТаўта" на "Дакары-2019" атрымалася фінішаваць у поўным складзе, нягледзячы на ўсе праблемы, распавёў на прэс-канферэнцыі ў аэрапорце "Мінск" кіраўнік "Чырвоных зуброў" Сяргей Вязовіч.
У гэтым годзе срэбным прызёрам мінулага "Дакара", экіпажу Вязовіча, не шанцавала больш за ўсіх - спачатку пераварот перад фінішам другога этапа, а затым тэхнічныя непаладкі, якія сталі следствам гэтага інцыдэнту. Аднак, нягледзячы на ўсе непаладкі, два з трох экіпажаў фінішавалі ў топ-10.
"Нам ёсць чым ганарыцца ў плане сваёй тэхнікі - нашы аўтамабілі дайшлі ў поўным складзе да фінішу, які быў вельмі шчыльным", - распавёў Вязовіч.
Ён падкрэсліў, што на старт гонкі выйшла каля 40 грузавікоў, а апошні этап скончылі каля паўтары дзясяткаў. І ў поўным складзе атрымалася фінішаваць толькі ў дзвюх каманд - МАЗа і Iveco. Кіраўнік каманды адзначыў, што пасля таго, як беларускія каміёны выбылі з топ-3, іх задачай стаў фініш усімі трыма экіпажамі.
Грузавы залік у гэтым годзе выйграў Эдуард Нікалаеў з "КАМАЗ-МАЙСТАР", другім фінішаваў яго сакаманднік Дзмітрый Сотнікаў, трэцяе месца - у галандца Жэрара дэ Роя на Iveco. Экіпаж Вязовіча скончыў гонку шостым, Аляксандр Васілеўскі фінішаваў на восьмай пазіцыі, Аляксей Вішнеўскі стаў 11-м.
МІНСК, 18 сту – Sputnik. Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка паднялася на 7-е месца ў сусветным тэнісным рэйтынгу, пакуль гэта яе лепшая пазіцыя ў кар'еры.
Беларуска на мінулым тыдні выйграла турнір у ААЭ, абыграўшы ў фінале расіянку Вераніку Кудэрметаву. Гэта яе трэці кубак запар. У мінулым сезоне Сабаленка перамагла на спаборніцтвах у чэшскай Астраве (дзе ў фінале, дарэчы, сустрэлася з Вікторыяй Азаранка) і аўстрыйскім Лінцы.
Дзякуючы трыумфу ў Абу-Дабі Арына паднялася на тры радкі ў рэйтынгу і цяпер мае ў актыве 4580 ачкоў. У яе бліжэйшай праследавацельніцы - канадкі Б'янкі Андрэеску - 4555 ачкоў.
Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка, як і да гэтага, цяпер займае 13-е месца ў рэйтынгу WTA, маючы 3426 ачкоў. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 90-й пазіцыі (838 балаў).
У топ-3 першага ў 2021 годзе рэйтынгу трапілі аўстралійка Эшлі Барці, румынка Сімона Халеп і японка Наомі Асака.
У сусветным рэйтынгу ў мужчын лідзіруе серб Новак Джокавіч, на другой пазіцыі - іспанец Рафаэль Надаль, на трэцяй - аўстрыец Дамінік Цім. Лепшы сярод беларусаў Ягор Герасімаў, ён на 78-м месцы.
Зараз тэнісісты рыхтуюцца да Australian Open - першаму ў сезоне турніру серыі Вялікага шлема. Ён пройдзе з 8 па 21 лютага ў Мельбурне.
Раней Вікторыя Азаранка паведаміла, што прапусціць трэніроўкі з-за каронавіруса: у двух чалавек, якія ляцелі з ёй чартарным рэйсам у Мэльбурн, тэст на COVID-19 апынуўся станоўчым. Бліжэйшыя два тыдні беларуска, якая двойчы перамагала ў Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі (2012, 2013 гады), будзе знаходзіцца на каранціне.
Чытайце таксама:
МІНСК, 18 сту – Sputnik. Канчатковае рашэнне па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе павінна быць прынята да канца студзеня на савеце Міжнароднай федэрацыі хакея.
Пасля візіту ў Мінск Рэнэ Фазелю амаль штодня даводзіцца адмахвацца ад крытыкі, каментаваць лёс маючага адбыцца турніру і яго магчымы перанос. У інтэрв'ю Watson, напрыклад, ён запэўніў, што з-за пандэміі каронавіруса чэмпіянат не адменяць, як гэта адбылося ў 2020-м. Фазель гатовы правесці матчы без гледачоў, калі будзе такая неабходнасць.
"Ці хутка будзе рашэнне па чэмпіянаце свету? Напэўна, на наступным тыдні. Што будзе, калі чэмпіянат свету адбяруць у Беларусі? Ёсць план Б. Я не ведаю, дзе пройдзе чэмпіянат свету ў такім выпадку, але ёсць абмеркаванні. Данія і Славакія? Не магу адказаць на гэтае пытанне. Чэмпіянат свету адбудзецца. У якім выглядзе - мы пакуль не ведаем. Але мы можам правесці яго без гледачоў", - цытуе Фазеля "Спорт-Экспресс" са спасылкай на Watson.
Пракаменціраваў Фазель і нядаўні візіт у Мінск. Ён заявіў, што фатаграфіі з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй ФХБ Дзмітрыем Баскавым былі "няправільна вытлумачаны".
"Я прыехаў не для таго, каб выпіць з ім гарэлкі. Нашай мэтай было знайсці разам з Лукашэнкам вырашэнне пытання", - прыводзіць словы Фазеля tut.by са спасылкай на Sportschau.
З нагоды фатаграфіі з Баскавым Фазель адзначыў, што кіраўнік ФХБ сам папрасіў аб сумесным здымку, госць "і выказаць здагадку не мог, што ён будзе выкладаць іх у публічны доступ". У такіх сітуацыях разумееш, што табой маніпуліруюць, рэзюмаваў Фазель.
Чытайце таксама:
МІНСК, 18 сту – Sputnik. Лішні раз нагружаць арганізм стрэсам не варта, падкрэслілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Вадохрышчанскія купанні пачаліся ў Мінску. Акунуцца ў купель можна ў бліжэйшыя тры дні ў трох спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах: на Камсамольскім возеры, у Драздах і на Цнянцы.
У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя падкрэслілі: купанне ў палонцы - стрэс для непадрыхтаванага чалавека. У нетрэніраванага арганізма гэта можа справакаваць зрыў імунітэту і развіццё інфекцый дыхальных шляхоў, у тым ліку і пнеўманій. З-за напружанай сітуацыі ў рэспубліцы з каронавірусам, медыкі раяць не акунацца ў купель. Калі ж чалавек усё ж рашыўся на гэта, варта загадзя пракансультавацца з лекарам.
"Нечаканае для арганізма апусканне ў халодную ваду можа справакаваць розныя хранічныя захворванні, у тым ліку сардэчна-сасудзістыя", - адзначылі ў прэс-службе.
Кажучы пра купання пасля перанесенага COVID-19, у ведамстве падкрэслілі, што існуе такое паняцце, як "посткаронавірусны сіндром". Ён выяўляецца ў тым, што запаленчы працэс скончыўся, але ўскладненні з боку дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэмы могуць заставацца.
"Лішні раз нагружаць арганізм стрэсам не варта", - рэзюмавалі ў прэс-службе.
Нагадаем, у Беларусі зараз усталявалася марознае надвор'е, у некаторых рэгіёнах у ноч на 19 студзеня тэмпература апусціцца да -27°C. Але ўжо да чацвярга ў краіне пацяплее, абяцаюць сіноптыкі, слупкі тэрмометраў зноў пакажуць плюсавыя значэнні ў дзённы час.
Чытайце таксама: