Сабаленка вылецела з топ-10 сусветнага рэйтынгу

Сабаленка вылецела з топ-10 сусветнага рэйтынгу, Азаранка палепшыла пазіцыю

29
(абноўлена 09:57 20.05.2019)
У абноўленым рэйтынгу WTA на першым радку па-ранейшаму размяшчаецца японская тэнісістка Наомі Асака, беларуска Арына Сабаленка апусцілася на 11-ы радок.

МІНСК, 20 мая - Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка вылецела з топ-10 рэйтынгу WTA, а Вікторыя Азаранка паднялася на сем радкоў і стала 44-й ракеткай свету, паведамляе Sputnik.

На працягу апошняга часу першай ракеткай Беларусі застаецца Арына Сабаленка, у яе ж была лепшая сярод беларускіх тэнісістак пазіцыя ў сусветным рэйтынгу ў адзіночным разрадзе: спартсменка займала 10-ы радок. Аднак на турніры ў Рыме яна ў першым жа крузе прайграла Алізе Карнэ і ў абноўленым рэйтынгу вылецела з топ-10 рэйтынгу WTA і апусцілася на 11-ы радок.

Другая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка наадварот палепшыла сваю пазіцыю. Яшчэ тыдзень таму яна была 51-й ракеткай свету, а ў абноўленым 20 мая рэйтынгу WTA яна заняла 44-ы радок. Гэтаму спрыяў яе выхад у чвэрцьфінал турніру катэгорыі "Прэм'ер" у Рыме, у якім яна саступіла чэшскай спартсменцы Караліне Плішкавай.

У астатніх беларускіх тэнісістак асаблівых поспехаў не назіраецца. Так, Аляксандра Сасновіч прайграла ў 1/8 фіналу на турніры ў Мадрыдзе Наомі Асацы, але здолела захаваць 32-ы радок у рэйтынгу. Вера Лапко, якая размяшчалася на 86-й пазіцыі, вылецела ў першым раўндзе тэніснага турніру ў Мадрыдзе і апусцілася на 101-ы радок.

Па-ранейшаму ўзначальвае сусветны рэйтынг японская тэнісістка Наомі Асака. Другі радок заняла чэшка Караліна Плішкава, а трэцяй у абноўленым рэйтынгу стала румынская тэнісістка Сымона Халеп. Амерыканка Серэна Уільямс паднялася на адзін радок і апынулася ў топ-10 рэйтынгу WTA.

29
Тэги:
Тэніс, Арына Сабаленка

Спорт