Зборная Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на ваенных гульнях

Беларусы вязуць з Сусветных ваенных гульняў 14 медалёў

7
(абноўлена 15:23 27.10.2019)
У кітайскім Ухане ў нядзелю адбылося закрыццё 7-х Сусветных ваенных гульняў, у якіх прынялі ўдзел больш за 9 тысяч спартсменаў з 109 краін.

МІНСК, 27 кас - Sputnik. Беларуская каманда вязе 14 медалёў з сёмых Сусветных ваенных гульняў, урачыстае закрыццё якіх адбылося ў нядзелю ў адміністрацыйным цэнтры кітайскай правінцыі Хубэй, горадзе Ухань, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны ў сваім Telegram-канале.

У Сусветных ваенных гульнях у гэты раз прынялі ўдзел больш за 9 тысяч спартсменаў з 109 краін. Спаборніцтвы праходзілі ў 27 алімпійскіх і ваенна-прыкладных відах спорту. За дзесяць спаборніцкіх дзён разыграна больш за 300 камплектаў медалёў.

Беларусь на гульнях прадстаўлялі больш за 90 армейцаў, якія выступілі ў 12 відах спорту, у тым ліку барацьбе, дзюдо, парашутным спорце, ваенным пяцібор'і, трыятлоне, лёгкай атлетыцы і іншых.

У выніку было заваявана 14 медалёў (4 залатыя, 2 сярэбраныя, 8 бронзавых). Вышэйшыя ўзнагароды ў скарбонку беларускай зборнай прынеслі дзюдаіст Даніэль Мукетэ, каманда лучніц, Кацярына Паплаўская ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі і баксёр Дзмітры Асанаў.

Зборная Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь заняла 13-ю пазіцыю ў агульнакамандным заліку.

7
Тэги:
Спорт, Кітай, Беларусь

Спорт