Адкрыццё Славянскага базару

Адкрыццё Славянскага базару: непрыступная Пугачова і жарты пра Лукашэнку

22
Карэспандэнт Sputnik вызначыў, каму падарылі больш за ўсё кветак, хто быў сам недаступным для прыхільнікаў і хто лепш за ўсіх жартаваў.

Яўген Казарцаў, Sputnik

Юбілейны фестываль "Славянскi базар у Віцебску" урачыста адкрыўся ў чацвер. Карэспандэнт агенцтва пабываў на канцэрце і паспрабаваў ацаніць яго знутры, а таксама раздаў своеасаблівыя намінацыі за адкрыццё фестывалю.

Інфармацыйную падтрымку фестывалю аказвае Sputnik Беларусь.

Намінацыя: самы недаступны чалавек

Лагічна выказаць здагадку, што самым недаступным будзе названы прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка… Але — не. Абсалютна немагчымым было нават падысці на адлегласць некалькіх метраў да прымадоны расійскай сцэны Алы Пугачовай.

Максим Галкин на Славянском базаре
© Sputnik / Виктор Толочко
Максім Галкін на "Славянскім базары"

Як казалі ўдзельнікі фестывалю, у Алы Барысаўны было найстрогае патрабаванне нікога да яе не пускаць. Ні журналістаў, ні цікаўных маладых калегаў, ні прыхільнікаў. Нават назва гасцініцы, у якой спынілася Пугачова з мужам Максімам Галкіным, трымалася ў строгім сакрэце. Іншыя зоркі, калі і адмаўляліся гаварыць з журналістамі, то так не хаваліся.

Алла Пугачева на открытии Славянского базара
© Sputnik / Виктор Толочко
Ала Пугачова на адкрыцці "Славянскага базару"

Не дазволіла Ала Барысаўна сваім прыхільнікам уручыць ёй кветкі — пасля другой песні яна знікла за кулісамі, а ля сцэны так і засталіся стаяць расчараваныя фанаты і фанаткі з абярэмкамі кветак. А вось калі б прымадона пагадзілася прыняць букет — без сумневу, перамагла б у наступнай намінацыі.

Намінацыя: улюбёнец публікі і ўладар сэрцаў

Крытэрыем для вызначэння лідэра ў гэтай катэгорыі стала колькасць сабраных артыстамі букетаў. Сёлета фэст не наведалі ні Мікалай Баскаў, ні Філіп Кіркораў — гэта значыць, галоўную зорку вызначыць было складана.

Шмат букетаў сабраў Валерый Лявонцьеў — ужо з першых секунд яго выступу пад сцэнай мітусіліся жанчыны з букетамі. Досыць шмат атрымаў і Руслан Аляхно. Кветкі неслі і замежнаму госцю Томасу.

Валерий Леонтьев на витебской сцене
© Sputnik / Виктор Толочко
Валеры Лявонцьеў на віцебскай сцэне

Аднак больш за ўсё букетаў сабраў Сяргей Лазараў, які выканаў сваю песню з "Еўрабачання".

Намінацыя: жарты-прымаўкі

І хай Максім Галкін быў адзіным гумарыстам на сцэне адкрыцця, але асобную намінацыю ўсё роўна заслужыў. Большая частка яго выступлення была пабудавана вакол прэзідэнта Беларусі, але па Лукашэнку было відаць: ён любіць жарты пра сябе.

Прэзідэнт смяяўся і апладзіраваў на жартах у духу "чаму людзей трое, а галасоў за Лукашэнку чатыры" і тых, дзе міністраў называлі гароднінай. Рогатам заходзілася і зала — Галкін змог пажартаваць на быццам бы "вострыя тэмы" і зрабіць гэта досыць тонка.

Журналісты паміж сабой перагаворваліся аб тым, што з тэлеверсіі выступ Галкіна "выражуць", але Sputnik праверыў: кожнае слова і смех прэзідэнта па тэлебачанні паказалі.

Намінацыя: чалавек фестывалю

Адкрываў па традыцыі "Славянскі базар" асабіста Лукашэнка. І ён быў галоўнай зоркай фестывалю. Калі абвясцілі аб з'яўленні ў амфітэатры кіраўніка дзяржавы, уся зала імгненна ўстала і пачала апладзіраваць.

Лукашэнка пасля афіцыйнай прамовы сказаў трохі і ад сябе — жарты прэзідэнта пра "узнагародзіць самога сябе" таксама заходзілі "на ўра".

Глядзеў канцэрт беларускі лідэр да канца — разам з малодшым сынам Мікалаем, віцэ-прэм'ерам Наталляй Качанавай, міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім і іншымі чыноўнікамі.

Працягнецца юбілейны 25-ы фестываль да 20 ліпеня, хоць афіцыйнае закрыццё і прызначанае на 17-е.

22
Тэги:
музычная падзея, Фестываль, Аляксандр Лукашэнка, Віцебск, Беларусь
Тэмы:
"Славянскі базар": грані свята (7)

Пляцоўка