Брэстчанка трапіла ў фінал кастынгу ўкраінскага тэлешоў

© Photo : аккаунт ВКонтактеБрэстчанка Марына Баранчук
Брэстчанка Марына Баранчук - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У сваёй відэавізітцы Марына Баранчук кажа, што гатова абрэзаць свае доўгія валасы і за тыдзень вывучыць украінскую мову дзеля ўдзелу ў праекце.

БРЭСТ, 24 жні — Sputnik, Дзмітрый Босак. Па прамежкавых выніках інтэрнэт-галасавання брэстчанка Марына Баранчук стала адной з 15-ці фіналістаў кастынгу на шоў "Кіеў днём і ноччу" ўкраінскага тэлеканала "Новы".

Праект "Кіеў днём і ноччу" можна параўнаць з рэаліці-шоу "Дом-2". Але аб'ядноўвае герояў не будаўніцтва дома, а ўкраінская сталіца. Удзельнікі прыехалі сюды, каб пабудаваць свой лёс — зрабіць кар'еру, рэалізаваць сябе, знайсці каханне. Шоў здымаецца ў фармаце серыяліці — серыялу з элементамі рэаліці-шоў.

Як прызналася фіналістка Марына Баранчук, удзел у праекце стане выдатнай стартавай пляцоўкай для таго, каб атрымаць поспех на тэлебачанні. Цяпер 21-гадовая брэстчанка вучыцца на журналіста, была вядучай "Ранішняга эспрэса" на канале "Беларусь 2" і вяла сваю рубрыку ў праграме "Тэле-раніца".

"Я проста хачу чагосьці новага, хачу раскрыць сябе. І я шукаю любыя шляхі. У пачатку серыяліці гучыць вельмі цікавая песня. Яна прымушае задумацца кожнага. Калі ў цябе ёсць мара — дамагайся. І кожны раз, калі я ўключала новую серыю, я разумела, чаго хачу. Хачу дамагчыся свайго!" — распавяла суразмоўца Sputnik.

Па заяве кіраўнікоў праекта, у серыяліці гуляюць непрафесійныя акцёры — звычайныя людзі, якія апыняюцца ў зададзеных сцэнаром сітуацыях, якiя праяўляюць у іх свае натуральныя, непадробныя эмоцыі. Ёсць сітуацыя, а што адбудзецца далей, нікому не вядома. Усё залежыць ад настрою і ўспрымання герояў.

"Я цікаўлюся тэлебачаннем усёй постсавецкай прасторы і таму стараюся праглядаць новыя праекты. Мне спадабалася інтрыга, якая даецца тэлегледачу ў серыяліці. Мы быццам разумеем, што гэта серыял і гуляюць акцёры. Але само слова "серыяліці" падштурхоўвае задумацца: можа, ўсё гэта праўда? Гэты праект сапраўды зацягвае", — патлумачыла Марына.

Кастынг на шоў вядзецца ў студыі ў Кіеве і ў інтэрнэце. Да 15 жніўня жадаючым трэба было зняць свае відэавізіткі і выкласці іх у сацыяльныя сеткі.

"Адзінай цяжкасцю прабіцца ў фінал было тое, што я з іншай краіны. Напэўна, хтосьці не хоча бачыць не земляка. Хтосьці піша негатыўныя каментары. Мне нават пісалі, што я хаваю свой узрост і мне насамрэч 40 гадоў", — падзялілася брэстчанка.

Галасаванне зачыняецца 25 жніўня. Акрамя дзяўчыны з Брэста свае відэа даслалі таксама ўдзельнікі з розных рэгіёнаў Украіны і Малдовы.

Стужка навiн
0