Наваполацкі фестываль "Халі-хало" вырас да ўзроўню міжнароднага

Падпісацца
Фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" і гістарычнай рэканструкцыі "Мiнск старажытны" цяпер будуць праводзіцца штогод.

МІНСК, 1 лют — Sputnik. Урадам унесены карэктывы ў парадак правядзення на тэрыторыі Беларусі асобных цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў ад 27 студзеня №79, якая ўступае ў сілу з 3 лютага 2017 года

Дакументам унесены змяненні і дапаўненні ў пастанову Саўміна №263 "Аб арганізацыі і правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, што фінансуюцца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў".

У прыватнасці, з "рэспубліканскага" на "міжнародны" зменены ўзровень правядзення конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-хало" ў Наваполацку.

Пералік асобных міжнародных і рэспубліканскіх цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, дапоўнены новымі мерапрыемствамі — Рэспубліканскім адкрытым конкурсам выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя В. Волкава і Рэспубліканскім адкрытым конкурсам аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно". Разам з тым з пераліку выключаны Міжнародны фестываль інструментальнай музыкі "Рэнесанс гітары".

Дакументам таксама змененая перыядычнасць правядзення шэрагу мерапрыемстваў. Радзей плануецца праводзіць пяць мерапрыемстваў. Адзін раз у тры гады будуць праходзіць Міжнародны фестываль юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі", Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" і форум бібліятэкараў Беларусі "Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці". Адзін раз у два гады — Міжнародны форум "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства" і Міжнародны пленэр па кераміцы "АРТ-Жыжаль".

Штогадовымі стануць Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" і Міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мiнск старажытны".

Стужка навiн
0