Медалі гурта Крамбамбуля

"Крамбамбуля" ўводзіць свае ордэны і медалі

12
(абноўлена 15:47 07.12.2017)
Дызайнерам усіх узнагарод з’яўляецца камандзір партызанскага атраду "Крамбамбуля" Лявон Вольскі.

МІНСК, 7 ліс — Sputnik. Гурт (і партызанскі атрад) "Крамбамбуля" прадставіў здымкі ўзнагарод, якія можна будзе атрымаць ад музыкаў 21 снежня ў Prime Hall падчас святочнага канцэрту "Партызаны каляднага лесу". Намінаваць сябе ці блізкага чалавека на ордэн ці медаль можа кожны беларус.

Агулам прадстаўлена пяць узнагарод: "Ордэн Зялёнага дуба", "Ордэн Дзеда Талаша", "Ордэн Міколкі Паравоза", медаль "За Калядны настрой", медаль "За нашу і вашу свабоду". З 2015 года "Крамбамбуля" жыве ў лесе. Натуральна, што там бракуе жалеза, таму ўзнагароды выраблены з дрэва.

"Ідэя ў тым, каб узнагародзіць людзей па выніках года за нейкія простыя чалавечыя дасягненні на асабістым, сямейным ці працоўным узроўні. За тое, пра што не напішуць у СМІ", — каментуе камандзір атраду Лявон Вольскі, які таксама з'яўляецца дызайнерам узнагарод.

Каб намінаваць сябе ці каго іншага на ўзнагароду "Крамбамбулі", дастаткова апублікаваць партрэтнае фота кандыдата ў сацсетках (Facebook, VK, Instagram, Twitter) і разам з ім пераканаўчую гісторыю дасягненняў у гэтым годзе, абавязкова дадаўшы хэштэг #krambambula2112, каб можна было адсачыць і сабраць усіх намінантаў.

Апошні дзень вылучэння кандыдатаў — 17 снежня. Пяць пераможцаў вызначаць удзельнікі гурта. Кожны атрымае па два запрашальнікі на канцэрт і будзе ўрачыста ўганараваны першымі ардэнамі і медалямі ад гурта "Крамбамбуля" на сцэне.

21 снежня ў межах праграмы "Партызаны каляднага лесу" гледачоў чакаюць лепшыя песні "Крамбамбулі", канцэптуальнае сцэнічнае шоу і кілатоны навагодняга настрою. 

12
Тэги:
Крамбамбуля (гурт), Лявон Вольскі, Беларусь
Каментары