Будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы

МЗС: пляцоўку БелАЭС 19-20 верасня наведае дэлегацыя ЕК

3
(абноўлена 15:46 15.09.2016)
Асновай візіту прадстаўнікоў Еўракамісіі будуць стрэс-тэсты, якія ацэньваюць рызыкі і бяспеку.

МІНСК, 15 вер — Sputnik. Дэлегацыя Еўракамісіі (ЕК) наведае пляцоўку будаўніцтва БелАЭС на наступным тыдні, паведаміў журналістам у чацвер у Мінску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

"Дэлегацыя Еўрапейскай камісіі наведае з рабочым візітам Беларусь 19-20 верасня. Праграма візіту прадугледжвае сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, пройдуць перамовы ў Міністэрстве энергетыкі, Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях і Дзяржатамнаглядзе. Прадстаўнікі Еўракамісіі таксама наведаюць пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС", — сказаў Мірончык.

Ён адзначыў, што бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў узаемадзеяння ў кантэксце рэалізацыі першай беларускай ядзернай энергетычнай праграмы. Аднак асноўнай тэмай візіту будуць стрэс-тэсты, у рамках якіх адбываецца ацэнка рызык і бяспекі.

Па словах прэс-сакратара МЗС, пасля аварыi на японскай АЭС "Фукусіма-1" ЕК і група еўрапейскіх рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі распрацавалі методыку ацэнкі рызыкі і бяспекі атамных электрастанцый.

Мірончык падкрэсліў, што Беларусь надае першачарговую ўвагу пытанням ядзернай бяспекі і "максімальна выкарыстоўвае інструментарый профільных міжнародных арганізацый", у тым ліку, Беларусь цесна супрацоўнічае з МАГАТЭ.

БелАЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расіі побач з горадам Астравец (Гродзенская вобласць) у 50 км ад Вільнюса, будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1200 сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення "3 плюс" з палепшанымі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі, які адпавядае самым сучасным, так званым "постфукусімскім", нормам бяспекі, патрабаванням прыродаахоўнага і санітарна-гігіенічнага заканадаўства.

Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока Беларускай АЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020 год. Плануецца, што расійскі падрадчык правядзе стрэс-тэсты БелАЭС у снежні 2016 года. Па выніках стрэс-тэстаў будзе падрыхтаваны даклад, які будзе накіраваны ў ЕК.

3
Тэги:
Міністэрствы і ведамствы, МЗС Беларусі, Дзмітрый Мірончык, Мінск
Каментары