Пасажыры ў аэрапорце, архіўнае фота

Тэрмін бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі хочуць павялічыць

7
(абноўлена 18:29 21.06.2018)
У Мінспорту і турызму зацікаўлены, каб гэты тэрмін быў павялічаны да 15 дзён - гэта дазволіла б забяспечыць беларускія санаторыі замежнымі турыстамі.

МІНСК, 21 чэр — Sputnik. Рашэнне аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання замежнікаў на тэрыторыі Беларусі можа быць прынятае да канца года, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Віталь Грыцэвіч.

"Праца вядзецца. Думаю, да канца гэтага года мы ўбачым новыя вынікі лібералізацыі візавага наведвання, яго пашырэння", — заявіў прадстаўнік Мінспорту.

Гаворачы аб новых магчымых тэрмінах, Грыцэвіч прызнаўся, што істотна павялічыць паток турыстаў магло б рашэнне аб магчымасці знаходжання замежнікаў у Беларусі без візы да 15 дзён.

"Гэта той тэрмін, каб загрузіць нашы санаторыі. На большае няма чаго замахвацца. Гэта ж не так проста — падрыхтаваць праект указа, перадаць на подпіс кіраўніку дзяржавы. Тут звязана шмат пытанняў", — заўважыў ён.

Грыцэвіч нагадаў аб існуючым у Беларусі інстытуце рэгістрацыі — замежныя грамадзяне па заканчэнні пяцідзённага тэрміну павінны зарэгістравацца ў мясцовым аддзеле па грамадзянству і міграцыі. У цяперашні час МУС ініцыявала павелічэнне гэтага тэрміну да 10 дзён.

"Гэтыя пытанні павінны быць звязаныя. Вы самі разумееце: прыляціць турыст, які ведае, што яму можна знаходзіцца тут 10 дзён. А падрабязнасці пра тое, што ён павінен зарэгістравацца, ён можа прапусціць. А потым пачынаюцца праблемы", — растлумачыў прадстаўнік Мінспорту і турызму.

Грыцэвіч распавёў, што з пачатку дзеяння пяцідзённага бязвізавага рэжыму — з лютага 2017 года — праз нацыянальны аэрапорт Мінск у краіну заехалі 120 тысяч замежных турыстаў. Яны дазволілі паветранай гавані нарасціць пасажырапаток на 22%. Часцей за ўсё бязвізавым рэжымам карыстаюцца грамадзяне Германіі, Польшчы, Італіі, Вялікабрытаніі і ЗША.

7
Тэги:
бязвізавы рэжым, Міністэрства спорту і турызму РБ, Беларусь
По теме
Бязвізавы рэжым у Беларусі
Каментары