Кадр з фільму Альпійская балада

Лепшыя беларускія фільмы пра Вялікую Айчынную: “Альпійская балада”

205
(абноўлена 14:53 26.01.2016)
Фільм “Альпійская балада” быў пастаўлены на кінастудыі “Беларусфільм” у 1965 годзе Барысам Сцяпанавым паводле аднаіменнай аповесці Васіля Быкава.

Юлія Хвошч, Sputnik

"Альпійская балада" — адзін з самых яскравых твораў Быкава. Канцлагер, удала спланаваны ўцёк, гісторыя кахання на вайне. Гэта гісторыя пра тры кароткія дні, якія героям здаліся бясконцымі. Дні, якія падаравалі былым вязням канцлагеру шчырае каханне і надзею на ратаванне.

Тры дні ў Альпах

Праз шмат гадоў пасля вайны з Італіі ў "вёску Цярэшкі каля двух блакітных азёр, у Беларусі", прыходзіць ліст ад Джуліі Навэлі, у якім распавядаецца пра лёс ураджэнца гэтых мясцін Івана Цярэшкі… Разбураны начной бамбардзіроўкай завод у Альпах, куды гітлераўцы прыгналі на працу зняволеных з бліжэйшых лагераў. Пяцёра савецкіх ваеннапалонных адважыліся збегчы. Івану Цярэшке ўдалося вырвацца за тэрыторыю завода.

У мітусні разам з ім бягуць яшчэ некалькі ваеннапалонных. За німі чыняць пагоню. Івана наганяюць нямецкія аўчаркі. Адчайна адбіваючыся, ён забівае адну і раніць другую. У гарах Івана даганяе адна з уцекачоў — італьянская дзяўчына Джулія. Спачатку Іван успрымае яе як абузу і ўсяляк імкнецца пазбавіцца ад яе, але Джулія ўпарта ідзе за ім. Ноч у гарах яны праводзяць разам.

Пазней яны сустракаюць прахожага — аўстрыйца і бяруць у яго трохі хлеба. Іх даганяе звар'яцелы зняволены немец і, папрасіўшы хлеба, уцякае. Па дарозе Джулія пытаецца ў Івана пра радзіму, пра бацькоў. Непадалёк ад перавалу знясіленая Джулія адмаўляецца ісці далей. Раззлаваны Іван спачатку пакідае яе, але ў хуткім часе вяртаецца і нясе Джулію на сабе.

У фільме ўсё перашкаджае ўцекачам, але разам з тым, як  сэрца Івана (акцёр — Станіслаў Любшын) мягчэе, як расце яго любоў да Джуліі (актрыса — Любоў Румянцава), цяплее і мягчэе навакольны свет, прырода. Разам з героямі гледач пачынае заўважаць кветкі, дрэвы і горныя схілы дзіўнай прыгажосці. Іван так і не паспее адказаць на патрабавальнае пытанне Джуліі: "Ці павінен быць чалавек шчаслівы?", але на яго адкажа сам фільм.

"Ці павінен быць чалавек шчаслівы?"

У апавяданні мала дзеяння, усю ўвагу аўтары засяроджваюць на ўнутраным свеце сваіх герояў. Аднак рэжысёр і сцэнарыст не выкарыстоўваюць закадравы тэкст, які змог бы дапамагчы данесці да гледача роздумы герояў. Усе эмоцыі перадаюцца выключна акцёрскай ігрой.

Акцёр Станіслаў Любшын падае свайго героя Івана стрыманым, са складаным унутраным светам чалавекам, які заўжды знаходзіцца ў сваіх роздумах. Жах таго, што яму давялося перажыць, наклаў адбітак на яго худы і змардаваны твар. Але, з цягам часу душа яго адтае, твар святлее, а ў вачах з'яўляецца прага да жыцця.

"Дэбютантка Л. Румянцава выдатна выканала сваю ролю. Яе італьянскі чуецца чароўным, яе нязграбныя рускія словы да таго натуральныя, што дзіву даешся. Джулія — Румянцава лёгкая, дзейная, жаноцкая. І пры гэтым у яе ёсць нязломленая мужнасць, шчырасць і глыбіня пачуццяў", — піша крытык Закржэўская.

Любшын і Румянцава цалкам выканалі задуму аўтараў і намалявалі гісторыю цяжкага, з нечалавечымі выпрабаваннямі, кахання. Акцёры не драматызуюць, але разам са сцэнарыстам і рэжысёрам цешацца кожнаму сонечнаму промню ў навальнічных хмарах. Менавіта таму фільм не здаецца "цяжкім".

Сродкамі кінематографа

На думку некаторых кінакрытыкаў падзей у фільме не дастаткова для поўнаметражнай стужцы, таму ён можа паказацца крыху марудным і залішне шматзначным.

Аўтары надзвычай тонка раскрылі паэтычную філасофію аповесці Быкава. Адначасова трагізм і паэзія ўліваюцца ў сэрца з дапамогай "разумнай" камерай і нервовай велічнай музыкай. Гармонія музыкі і аператарскіх планаў, поўнае разуменне ідэі пісьменніка ўсёй творчай групай надае карціне цэласнасць і завершанасць.

Трэба аддаць належнае беларускаму аператару А. Забалоцкаму. Ён здолеў зняць у першай палове фільма горы такім чынам, што нават у самых смелых альпіністаў не ўзнікне жадання пайсці ў паход па гэтых малаяўнічых абрывах.

Лірызм і рэчаіснасць

Звычайна лірызм быкаўскай прозы засланяецца рэчаіснасцю вайны, але ў толькі "Альпійскай баладзе" лірыка і жорсткасць жыцця гарманічная суседнічаюць. Рэжысёр мог пайсці двума шляхамі: зрабіць упор на дакументальнасць і дакладна ісці за словам пісьменніка, а мог аддаць перавагу лірыцы і ўзвялічыць бессмяротнасць кахання.

"Я адчуў пачуццё гонару за кінематаграфіста Васіля Быкава, які здолеў так дакладна і бязлітасна адсекчы ўсё тое, што перашкаджала развіццю галоўнай думкі…Усё тое, што магло зрабіць драматызм слабым… Усё тое, што несла ў сабе прысмак сентыментальнасці і замілавання подзвігам савецкага салдата…", — піша крытык Мядзведзеў у сваім артыкуле "Ці павінен быць чалавек шчаслівы?".

Умелае злучэнне дакументалістыкі і лірызму, іх арганічнае зліццё патрабуе ювелірнай дакладнасці і такой вышыні мастацтва, якога можа дасягнуць не кожны малады рэжысёр (на момант здымак фільма Барысу Сцяпанаву было 38 год).

Фільм адзначаны ўзнагародамі:

  • Прыз як лепшаму фільму з паказаных на Міжнародным кінафестывалі у Дэлі (Індыя, 1968);
  • дыпломы Саюза кінематаграфістаў СССР Л. Румянцавай за лепшае выкананне жаночай ролі і А. Забалоцкаму за выдатную аператарскую работу на VI кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдавіі (Вільнюс, 1966г).
205
Тэги:
Кіно, Беларусьфільм, Любоў Румянцава, Барыс Сцяпанаў, Станіслаў Любшын, Васіль Быкаў, Беларусь
Тэмы:
Лепшыя беларускія фільмы (8)
Каментары