Відэа

Самую касавую карціну Аляксея Германа "Даўлатаў" пакажуць у Беларусі

Падпісацца
Пракатчыкам карціны ў Расіі была кампанія "Дысней", якая не закупіла правы на пракат фільма на тэрыторыі Беларусі.

Карціну "Даўлатаў" рэжысёра Аляксея Германа-малодшага можна будзе паглядзець у Мінску ў сетцы кінатэатраў Silver Screen c 30 сакавіка па 1 красавіка. Стужка стала самай касавай карцінай рэжысёра. Фільм атрымаў аднаго са срэбных мядзведзяў на кінафестывалі "Берлінале" ў лютым.

Расійская кампанія-дыстрыб'ютар не планавала паказ фільма ў Беларусі. Правы на паказ карціны ў краіне набыла сетка Silver Screen.

"Мы атрымалі ад мінчукоў не адзін дзясятак пытанняў праз нашы сацсеткі, ці будзе ў нас паказаны фільм "Даўлатаў". Silver Screen узяў на сябе ініцыятыву самастойна прывезці фільм у Мінск, як раней мы гэта зрабілі з карцінай "Смерць Сталіна", — пракаментавала дырэктар па рэпертуары сеткі Silver Screen Анастасія Гурына.

Фільм распавядае пра шэсць дзён з жыцця пісьменніка Сяргея Даўлатава. Ролю галоўнага героя сыграў сербскі акцёр Мілан Марыч. Таксама ў фільме здымаліся Даніла Казлоўскі, Алена Лядава і Святлана Хадчанкова.

Карціну паказалі больш чым у трыццаці краінах. Правы на карціну набыў найбуйнейшы амерыканскі анлайн-кінатэатр Netflix, што адкрыла магчымасць паглядзець фільм для яшчэ большай колькасці прыхільнікаў расійскага кіно ці чытачоў самога Даўлатава.

Стужка навiн
0