Беларускія кажаны зімуюць у халадзільніку

16
(абноўлена 09:19 15.01.2020)
Арганізаваць незвычайную жылплошчу рукакрылым дапамаглі ў Акадэміі навук. Глядзіце на відэа, у якіх умовах праводзяць зіму лятучыя мышы.

Кажаны ў Беларусі перазімуюць у халадзільніку, прычым у асаблівых "спальных мяшочках".

Зімой не кожная мыш здольная знайсці сабе месца для сну, і некаторыя ад безвыходнасці проста гінуць. Натуральных падзямелляў у краіне няма. Звычайна кажаны ў Беларусі залазяць на зімоўку ў падвалы і склепы, а часам наведваюць і чалавечае жыллё. Адтуль іх выправаджваюць на вуліцу, і рукакрылыя могуць загінуць.

Але некаторым мышам вязе - яны трапляюць да навукоўцаў. Спецыялісты Акадэміі навук вырашылі, што лепш за ўсё для зімоўкі мышы падыдзе звычайны халадзільнік.

"Ідэальныя ўмовы для зімоўкі кажаноў прадастаўляе звычайная камера бытавога халадзільніка, дзе, як мы ўсе ведаем, тэмпература каля 5 градусаў. Таму жывёлы адчуваюць сябе проста выдатна і вельмі нядрэнна пераносяць зіму", - распавёў біёлаг Аляксей Шпак.

Да навукоўцаў мышэй прыносяць неабыякавыя людзі. Кожную жывёлу спецыялісты садзяць у спецыяльны мяшочак і адпраўляюць на зімоўку. Часам мышэй вымаюць з халадзільніка - узважыць і праверыць іх самаадчуванне.

А ў канцы сакавіка ці пачатку красавіка пастаяльцаў халадзільніка выпусцяць на волю.

16
Тэги:
Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Відэа